За радком Дэкрэта №1. Камісія гатова дапамагчы

Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якую ўзначальвае старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, не абмяжоўваецца кабінетнай работай, а досыць часта выязджае ў населеныя пункты раёна. А туды, дзе колькасць працаздольных і не занятых у эканоміцы грамадзян найбольшая, наведваецца не раз.
На чарговым выязным пасяджэнні, якое зноў праходзіла ў аграгарадку Ражанка ў пашыраным складзе, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі расказаў, што ўжо сфарміравана база даных жыхароў раёна працаздольнага ўзросту, не занятых у эканоміцы. Дарэчы, падрабязны алгарытм дзеянняў – як даведацца, ці патрапіла ваша прозвішча ў гэты спіс – быў змешчаны ў №97 “Дзянніцы” ад 8 снежня 2018 года. Разам з тым Андрэй Іванавіч яшчэ раз звярнуў увагу, што людзі, якія не валодаюць электроннымі тэхналогіямі, могуць выкарыстаць самы кароткі шлях для атрымання такой інфармацыі – пателефанаваць па нумарах 29 2 03 і 28 8 45 (у рабочы час).
Па словах Андрэя Іванавіча, спіс не занятых у эканоміцы пастаянна ўдакладняецца, а людзям, якія патрапілі ў згаданую базу і хочуць працаваць, аказваецца садзейнічанне ў пошуках рабочага месца. А зацягваць з гэтай справай нельга: з 1 студзеня 2019 года беспрацоўным уласнікам жылля давядзецца плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка – за ацяпленне і газ, які выкарыстоўваецца для ацяплення.
Адначасова прайшла “ярмарка вакансій”, удзел у якой прынялі і прадстаўнікі кадравых службаў ААТ “Шчучынаграпрадукт” і рамзавода. Усяго ў гэты дзень сюды звярнулася 7 чалавек.
 Так, аднаго жыхара Ражанкі, які прыйшоў на гэта мерапрыемства, не вельмі моцна хвалявала адсутнасць работы. Сваю незанятасць ён матываваў неабходнасцю даглядаць маці-пенсіянерку. Але ж чалавеку трэба паклапаціцца і пра сваю будучую пенсію. Таму мужчыну прапанавалі звярнуцца на станцыю Ражанка, дзе адкрыты новыя вытворчасці па перапрацоўцы садавіны і агародніны, а таксама на прадпрыемства, якое займаецца дрэваапрацоўкай. Служба занятасці гатова ў гэтым дапамагчы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!