З вамі так светла ў свята і будзень – добрыя людзі!

Не будзем здраджваць традыцыі і напярэдадні праваслаўных Каляд пазнаёмім вас, паважаныя чытачы, з жыхарамі раёна, чые прозвішчы, варта іх толькі прамовіць, нагадваюць, што свята гэта не толькі глыбока духоўнае па сутнасці, але яшчэ і са сваім “смакам”. Пасля размовы з новымі героямі праекта ўсплылі ў памяці словы вядомай песні: “З вамі так светла ў свята і будзень – добрыя людзі!”.

Шчасце ў іх дом папрасілася. І засталося

Кожны день новага года набліжае Раісу Уладзіміраўну і Уладзіміра Пятровіча Галушка з аграгарадка Бакшты да рубінавага вяселля. У імгненне вока праляцелі 40 год, як злучылі свае лёсы маладыя, поўныя планаў і надзей Рая Ганчарук з вёскі Шасцілы Мастоўскага раёна і Валодзя Галушка з гарадка Іванава, што на Брэстчыне. Гэтыя двое аказаліся за адной “партай” у аўдыторыі Гродзенскага сельгасінстытута. Калі нарадзіўся сынок, матуля-студэнтка на год адлажыла ў бок кнігі і канспекты. Таму першым, у 1984 годзе, атрымаў дыплом зоаінжынера і размеркаваўся ў саўгас “Пратасаўшчына” муж, а жонка паехала туды ўжо за ім. Галава сям’і працаваў па спецыяльнасці, а яго палавінка спачатку займала пасаду юрыста, а потым выконвала абавязкі сакратара ў Каменскім сельскім Савеце.


Аднак аселі Галушкі ў Бакштах – на цэнтральнай сядзібе тагачаснага калгаса “Іскра”. Уладзімір Пятровіч 11 год кіраваў гэтай гаспадаркай. Потым у яго былі і іншыя пасады, але мяняць месца жыхарства сям’я не стала. Ды і Раіса Уладзіміраўна, падгадаваўшы дачку, спачатку працавала ў калгасе эканамістам, а ў 2002 годзе перайшла сакратаром у Бакштаўскі сельскі Савет, дзе затрымалася больш, чым на 10 год. Пасля ўз’яднання адміністрацыйных адзінак яшчэ пяць год была спецыялістам у Васілішкаўскім сельвыканкаме. І нават калі пайшла на пенсію і ўжо не з’яўлялася прадстаўніком улады, яшчэ доўга адчувала сваю запатрабаванасць: людзі па прывычцы тэлефанавалі, звярталіся пры сустрэчы, каб праясніць нейкае жыццёвае пытанне.

Ці сумуе без работы сёння? І так і не. Доўгімі вечарамі перачытвае класіку. Нядаўна, па яе прызнанні, атрымала новыя адчуванні і асалоду ад “Ганны Карэнінай”. А пазалетась пачала пакрысе вышываць гладдзю. Творчая работа навеяла ўспаміны пра родны дом. “Як мама цэлую зіму ткала дываны, а мы дзеці – два браты і я, дзівіліся яе зграбным, адточаным рухам, – прыгадвае жанчына. – Бацька ж быў адмысловым сталяром і бондарам, вырабляў і вазіў на продаж бочкі. Дарэчы, гадоў з 10, калі не стала мамы, ён пражыў у нас”. Як і раней, Р.У. Галушка застаецца ў суполцы грамадскіх актывістаў: вось і нядаўна працавала ў складзе ўчастковай выбарчай камісіі. А вясной і летам увогуле не да суму, калі ў цябе такая вялікая прысядзібная гаспадарка – агарод, дамашняя птушка і жыўнасць. Канешне, галоўны памочнік па сур’ёзных пытаннях і забеспячэнец у сям’і Уладзімір Пятровіч, але і ў жонкі клопатаў хапае. Часта – асабліва прыемных. Так, тыдзень таму ў дзядулі і бабулі бавіў час малодшы ўнучак Данік. У хлопчыка зімовыя канікулы. Зрэшты, і лета ён праводзіць у Бакштах, аб’ездзіў з бабуляй усю акругу. Уладзіміраўна, адмысловы грыбнік, брала малога з сабой у лес. А другі ўнук, Саша, перад Навагоддзем узмоцнена трэніраваўся: ён – хакеіст, у складзе каманды Кастрычніцкага раёна Гродна прадстаўляе рэгіён на “Залатой шайбе”. Да спорту хлопчыкаў прывучае іх энергічны і актыўны тата Сяргей, які вядзе здаровы лад жыцця. Сяргей Уладзіміравіч – падпалкоўнік міліцыі, служыць ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама. Гэта ў дзяцінстве равеснікі маглі пацяшацца над яго прозвішчам, а цяпер і не спрабуюць: Галушка – моцны арэшак!
– Сын вельмі зацікавіўся паходжаннем роду і захаваннем памяці аб продках, – задаволена Раіса Уладзіміраўна. – З’ездзіў у Іванава на малую радзіму бацькі, наведаў славутыя мясціны. Даведаўшыся, што блізкі сваяк загінуў падчас вайны і пахаваны ў Рызе, заахвоціўся паехаць на яго магілку. А ў Шасцілах заняўся аднаўленнем майго родавага гнязда. Там асаблівая прырода і Шчара побач… Наша нявестка – мудрая жанчына, сына падтрымлівае…

Апраўдала бацькоўскія надзеі і дачка Алена: яна скончыла экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава ў Мінску і цяпер працуе інжынерам-эколагам у Гродзенскіх электрасетках.
Пярэдадзень свята настройваў на пазітыў. Вось і мая субяседніца прыгадала, як у яе мужа Уладзіміра Пятровіча ў санаторыі дапытваліся, чый ён Галушка – украінскі ці беларускі. Той адказаў дыпламатычна: “Беларус я, але нарадзіўся непадалёку ад украінскай мяжы”. Прызнаўшы за свайго, украінцы прымалі Галушку з Бакштаў як дарагога госця.

А будзем жыць – не варта нам тужыць!

Даўней лічылася, калі гаспадары дома маглі падаць да стала кісель, заліты малаком, то ў гэтым доме дастатак. Адсюль і пайшло выказванне пра “малочныя рэкі і кісельныя берагі”, што азначала, ёсць у чалавека ўсё, што душа пажадае. Жыхар Шчучына Аляксандр Уладзіміравіч Кісялёў і сапраўды мае ўсё, што яго душа пажадае. І для яго гэта “ўсё” найперш не фінансавы дабрабыт, хаця і ён у працавітых людзей ёсць. Самае галоўнае дасягненне – добрая сям’я, любімая работа і надзейныя сябры побач. Доказаў сказанаму – колькі хочаце. Вось і перад нашай размовай Аляксандр Уладзіміравіч пабываў на… навагоднім прадстаўленні, якое ладзілася на Шчучынскім масласырзаводзе, дзе ён 16 год працуе апаратчыкам сухіх малочных прадуктаў. Акунуўся ў казачную атмасферу праз унучку-любіміцу Арыну, ці, як ён кажа, “сонейка”, вакол якога круціцца іх сямейная планета.” У карнавальны касцюм Арына не прыбіралася, сказала:”Я і так прынцэса!”, – усміхаецца дзядуля. – А харавод з малой вадзіла жонка”. Дарэчы, Святлана Вітольдаўна Кісялёва таксама завадчанка, і таксама апаратчык – працуе з мужам у адным цэху. А з дзецьмі знайсці агульную мову для яе не праблема: прыйшла сюды, маючы за спінай 20 год працы выхавальніцай у садку. І задаволена. “У нашым цэху – выдатны калектыў! – эмацыянальна запэўнівае Аляксандр Уладзіміравіч з інтанацыяй, да якой адразу адчуваеш давер. – Сямнаццаць чалавек, з якіх чатыры жанчыны, як адно цэлае. Мы разам і ў радасці, і ў бядзе. Ядро – людзі са стажам, якія прыцягваюць моладзь, дарэчы, вельмі здольную”. Здаецца мне, асаблівы душэўны магнетызм сыходзіць і ад яго самога. Чалавек ён адкрыты, кампанейскі, гаваркі. І распавесці ёсць пра што. З запалам расказвае, якім заядлым балельшчыкам мінскага “Дынама” быў у маладосці: вёў статыстыку гульняў, ездзіў на матчы, выпісваў некалькі спартыўных газет… “А цяпер хварэю за “Батэ”, – усміхаецца.

– Лічу сябе шчаслівым, – кажа ён. – Вырас з цудоўнымі бацькамі. Некалі праявіў настойлівасць, каб самая лепшая дзяўчына стала жонкай. Дарэчы, мы са Светай разам 28 год, а павянчаліся не так даўно. Паверце, гэта асаблівае пачуццё, калі вянец над галовамі бацькоў трымаюць не чужыя людзі, а іх дзеці. Сын, дачка і ўнучка шчасце прыносяць, з сям’ёй брата Івана цудоўныя адносіны, сяброў многа… На святы збіраемся ўсёй радзінай. На Каляды таксама. І кісель на стале будзе, праўда, я яго не ем (усміхаецца).
Упэўнена, гэта шчасце Аляксандр Уладзіміравіч выбудаваў сам, падбіраючы моцны “матэрыял” для жыццёвай дарогі і правільна вызначаючы на ёй арыенціры. А галоўным “маяком” сталі бацькі. Ніна Сцяпанаўна і Уладзімір Іванавіч пражылі душа ў душу, паказваючы прыклад сынам Сашу і Ваню. І маці, і бацька самааддана адпрацавалі на “Аўтапровадзе” ад званка да званка: яна – 38 год, а ён 36! Вось такая вернасць гораду і прадпрыемству! Магчыма, таму іх Саша і не спакусіўся на “слодычы”, якія яму абяцалі, каб толькі застаўся ў арміі ў Падмаскоўі. Замест элітнай часці выбраў службу ў Шчучыне: пачынаў механікам самалёта ў 10-ым АРАПе, а скончыў намеснікам камандзіра ўзвода у ШМАСе… І сёння лічыць гэты 16-гадовы армейскі вопыт вельмі важным для сябе. Калі ж расфарміравалі падраздзяленне, прыйшоў на “маслік”, аб чым не шкадуе. Дарэчы, А.У. Кісялёў хацеў, каб і яго сын Уладзіслаў стаў кадравым ваенным. Але хлопец абраў свой шлях: пасля вучобы ў тэхнікуме па юрыдычным профілі адслужыў тэрміновую і перад Новым годам вярнуўся дамоў. Радаваліся сустрэчы бацькі, сястра Вікторыя, а найбольш – пляменніца Арынка…

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!