З радасцю ў сэрцы і спакоем у душы сустракае Вялікдзень сям’я Дорань з Галавічполя

Гэта светлае, прыгожае вясновае свята, якое з нецярпеннем чакаюць у кожнай сям’і, абавязкова прыносіць у дом мір і дабрабыт, дорыць душэўны спакой, напаўняе сэрцы цеплынёй і святлом.

 

– Можна сказаць, што кожны год мы сустракаем Вялікдзень па адным сцэнарыі, – расказвае Алеся. – Гэта наша даўняя сямейная традыцыя, таму стараемся яе захоўваць. Па-першае, канечне, рыхтуемся да свята духоўна, таму абавязкова наведваем службу ў касцёле. Дарэчы, кожную нядзелю і на ўсе святы мы ходзім у касцёл у Старых Васілішках або на службу ў каплічку, што дзейнічае ў нас у Галавічполі. У гэту святочную нядзелю таксама ўсёй сям’ёй будзем прымаць удзел у ранішняй імшы. А затым вернемся дамоў і накрыем святочны стол. Як правіла да нас заўсёды прыязджаюць госці. Гэта мае брат і сястра з сем’ямі, а таксама мая матуля, якая жыве ў Галавічполі. Самае першае, што ў нас даўно заведзена, б’ёмся фарбаванымі яйкамі і высвятляем, чыё самае моцнае. І чамусьці заўсёды ў гэтым “яечным паядынку” перамагае наш тата.

 

Цэнтральнае месца на велікодным стале займаюць яйкі, асвенчаныя напярэдадні ў каплічцы. Дарэчы, таксама па даўняй сямейнай традыцыі, яйкі Алеся з дзяўчынкамі фарбуюць толькі ў шалупінні цыбулі.

 

– Для нас гэта самы лепшы варыянт, – гаворыць мама дружнага сямейства. – Спрабавалі выкарыстоўваць спецыяльныя фарбы, але ўсё роўна вярнуліся да даўно вядомага і самага надзейнага спосабу. Калі ёсць жаданне, перад тым, як апускаць яйкі ў пафарбаваную ваду, можна начапіць на іх гумачкі, і тады атрымаюцца розныя ўзоры. Але ж часам дзеці ствараюць і свае, эксклюзіўныя, экзэмпляры. Напрыклад, наш ксёндз прапанаваў кожнаму дзіцяці прынесці ў суботу ў каплічку пісанку, і не простую, а аформленую з душой.
Звычайна на свята Алеся разам з дочкамі гатуюць шмат самых розных страў, але ёсць у іх адна, якая падабаецца ўсім без выключэння – гэта салат “Піцерскі”.

 

– Ён знікае са стала ў лічаныя хвіліны, – смяецца Алеся. – А з інгрэдыентаў – нічога асаблівага. У соевым соусе абсмажваецца парэзаная кавалачкамі курыца, затым, калі яна астыне, дадаюцца парэзаныя памідоры і агуркі, а таксама сырная маса. Запраўляецца ўсё маянэзам.

 

А гатаваць у сям’і любяць усе! Нават у Руслана атрымліваецца такая шаурма, што можа паспаборнічаць са зробленай прафесіяналам. А мама з дочкамі і беляшы гатуюць, і пячэнне, і торты…

 

Руслан і Валерыя вучацца ў дзясятым класе Галавічпольскага дз/с-СШ. Брат і сястра – двайняты. Вучацца выдатна. Да таго ж Руслан закончыў музычную школу па класе баяна, а цяпер марыць атрымаць прафесію выратавальніка. У Валерыі свая мара – стаць хірургам. Ужо цяпер яны напружана рыхтуюцца да паступлення і асноўную ўвагу надаюць прадметам, якія неабходна здаваць падчас цэнтралізаванага тэсціравання. Абое захапляюцца спортам, асабліва Руслан. Ён уваходзіць у склад раённай каманды па футболе, а на трэніроўкі ў райцэнтр яго дастаўляе мама. Часам пагуляць у валейбол або ў баскетбол яны ходзяць усёй сям’ёй. Не заўсёды атрымліваецца ў таты, таму што ён працуе механізатарам у ААТ “Васілішкі” і ў гарачы сезон яму складана знайсці час, каб правесці яго з сям’ёй. А то збяруцца ўсе разам і накіроўваюцца на веласіпедную прагулку. Хіба ж можа быць лепшы адпачынак, чым усёй сям’ёй на ўлонні прыроды?!
Сярод сур’ёзных захапленняў Валерыі – спевы. Яна з задавальненнем удзельнічае ў школьнай вакальнай групе “Надзея”, спявае ў каплічцы падчас службы.

 

Не адстае ад старэйшых брата і сястры шасцікласніца Дамініка. Яна таксама любіць спяваць, займацца спортам і танцаваць. А яшчэ ёй вельмі падабаецца ездзіць на рыбалку з татам і мамай. Так, сваім захапленнем Славамір заразіў і Алесю. А з рачных трафеяў у іх атрымліваецца цудоўная запечаная рыба, катлеты з рыбнага фаршу, а таксама юшка.

 

Сама Алеся ўжо дзесяць год працуе галоўным бухгалтарам у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Да гэтага была прадаўцом у мясцовым магазіне, але вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю і завочна закончыла Гомельскі ўніверсітэт спажыўкааперацыі.

 

Ужо 12 год яны жывуць у сваім катэджы, які некалі маладой сям’і выдзеліла гаспадарка, а на даны момант яны цалкам за яго разлічыліся.

 

– Нам падабаецца Галавічполе, – у адзін голас, нават не думаючы, сцвярджаюць дзеці і дарослыя. – Тут у нас агарод, на якім мы працуем усе разам. Ёсць і невялікая гаспадарка: свінкі і трусы.

 

Размаўляючы з гэтымі надзвычай прыемнымі людзьмі, пацікавілася, як бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей.

 

– У вялікай любові і ў той жа час ў строгасці, – адразу адказала мама. – У нас кожны мае права выказаць сваё меркаванне, але ўсё ж апошняе слова застаецца за мною. Мы стараемся даць сваім дзецям усё магчымае, каб яны маглі развіваць свае здольнасці, рэалізаваць свае мары. Мы ўдзячны за дапамогу дзяржаве: у дзяцей ёсць магчымасць атрымаць бясплатную пуцёўку ў аздараўленчы лагер “Касмадром”, у школе для іх арганізавана бясплатнае харчаванне, а за падручнікі мы плацім толькі палову іх кошту. Акрамя гэтага, кожны год мы атрымліваем дапамогу ад арганізацый, у якіх працуем, і ад райвыканкама, каб сабраць дзяцей у школу.

 

…У міры, згодзе, у поўным узаемаразуменні і з Богам у сэрцы жывуць дзеці і дарослыя ў гэтай сям’і. Няхай надыходзячае свята прынясе ў іх дом яшчэ больш дабра і святла.

 

Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!