З нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Э.С. Дзікевіч, П.Ч. Мазуркевіч і Т.У. Панова наведалі паважаных ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Сёлета спаўняецца 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, начальнік групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата Павел Часлававіч Мазуркевіч і загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Таццяна Уладзіміраўна Панова наведалі паважаных ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Работніца тылу Вера Рыгораўна Маслава сустрэла гасцей з ветлівай усмешкай. 
– Я сама спраўляюся з усімі хатнімі справамі, – зазначае Вера Рыгораўна. – Аднак гады бяруць сваё, таму добра было б летам падмацаваць здароўе ў санаторыі. 
– Без праблем! – запэўніла Таццяна Уладзіміраўна Панова. – У бліжэйшы час даведаюся аб усіх пуцёўках, якія ёсць у наяўнасці, і вам патэлефаную. 
Развітваючыся, Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч пажадаў Веры Рыгораўне Маславай аптымізму, бадзёрасці і даўгалецця.
У той дзень члены камісіі заглянулі і да Ганны Пракопаўны Прывалкі, якая сёлета рыхтуецца адзначыць свой 95-гадовы юбілей.
– Падчас вайны фашысты адправілі мяне на прымусовыя работы ў Германію, – успамінае Ганна Пракопаўна. – Давялося працаваць на вагонарамонтным заводзе ў Берліне. Ежы не хапала, таму часта галадала. Аднак я верыла, што перамога будзе за намі! Вельмі радавалася, калі нарэшце змагла вярнуцца дадому. Уладкавалася бухгалтарам у Шчучынскі лясгас і адпрацавала там звыш 40 гадоў. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак. З былымі калегамі падтрымліваю сяброўскія адносіны, часта тэлефаную. Яны таксама цікавяцца маім жыццём і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Вялікі дзякуй за клопат і дабрыню! Ад такіх сустрэч на душы становіцца святлей і весялей!
У бліжэйшы час Э.С. Дзікевіч, П.Ч. Мазуркевіч і Т.У. Панова наведаюць усіх ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, уважліва выслухаюць усе пытанні і пры неабходнасці дапамогуць вырашыць праблемы.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.