З клопатам аб бяспецы грамадзян. Работнікі раённага аддзела МНС узмацняюць прафілактычную работу па абследаванні домаўладанняў грамадзян

З пачатку года ў Шчучынскам раёне адбылося дзевяць пажараў. Вогненная стыхія забрала жыцці двух мясцовых жыхароў. У сувязі з гэтым работнікі раённага аддзела МНС узмацняюць прафілактычную работу па абследаванні домаўладанняў грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне. Пад пільнай увагай выратавальнікаў адзінокія і пажылыя грамадзяне, якія жывуць адзінока.
Падчас чарговага абследавання домаўладанняў на тэрыторыі Мажэйкаўскага сельсавета інспектары МНС праверылі стан пячнога ацяплення: звярнулі ўвагу на наяўнасць расколін і перадтопачнага ліста, а таксама растлумачылі правілы эксплуатацыі пячнога ацяплення ў зімовы перыяд. Размаўляючы з вяскоўцамі, выратавальнікі нагадалі аб важнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і расказалі, як падтрымліваць прыстасаванне ў спраўным стане.

– Праверыць спраўнасць прыбора можна самастойна, націснуўшы на кнопку-індыкатар. Падаў сігнал - усё ў парадку. Аб гэтым жа гавораць і перыядычныя пробліскі індыкатара. Калі АПА стаў перыядычна выдаваць гукі - гэта значыць, што пара мяняць батарэйку, – адзначылі прадстаўнікі МНС – Акрамя гэтага варта перыядычна чысціць дымавую камеру апавяшчальнiка ад пылу звычайным пыласосам або прадзьмухваць фенам.

Каб карысныя рэкамендацыі і парады заўсёды былі пад рукой, работнікі МНС уручылі домаўладальнікам наглядна-выяўленчую прадукцыю. Памяткі з дакладнымі інструкцыямі і ілюстрацыямі дапамогуць замацаваць атрыманыя веды і стануць напамінам аб неабходнасці захавання правіл пажарнай бяспекі.

