З добрымі вынікамі і перспектывай на будучыню. Будаўнічае прадпрыемства Шчучынская МПМК-167 падвяло вынікі работы за мінулы год

На гэтым тыдні будаўнічае прадпрыемства Шчучынская МПМК-167 падводзіла вынікі работы за мінулы год. Мерапрыемства сабрала работнікаў арганізацыі на чале з дырэктарам Юрыем Краеўскім, таксама на падвядзенні вынікаў прысутнічаў намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Яўгеній Вінча.
Няма сумненняў, што шчучынскія будаўнікі з’яўляюцца аднымі з лідараў сваёй галіны ў Гродзенскай вобласці. Зробленае імі ў 2024 годзе гэта добра даказвае. Як адзначыў Юрый Краеўскі, летась прадпрыемства спрацавала з прыбыткам. Рэнтабельнасць вытворчасці склала больш за 20%, а ўсе асноўныя паказчыкі, даведзеныя бізнес-планам, былі перавыкананы. Аб’ём падрадных работ, выкананы ўласнымі сіламі, ў бягучых цэнах 2024 года склаў 38,2 мільёна рублёў, рост у параўнанні з 2023 годам 140,5%. Бізнес-планам на гэты год прадугледжаны рост аб’ёму падрадных работ уласнымі сіламі ў бягучых цэнах на 118,4%.
Рост вытворчасці працы за мінулы год усталяваўся на планцы 137,6%, а сярэднямесячны заробак работнікаў прадпрыемства павялічыўся на 32,1% і склаў 2544,8 рубля. Усяго ў МПМК-167 працуе 321 чалавек.
Летась большасць нашых будаўнічых брыгад працавала за межамі Шчучынскага раёна. МПМК-167 планамерна пашырала аб’ём работ у Мастоўскім, Гродзенскім, Ваўкавыскім, Лідскім, Слонімскім і Свіслацкім раёнах.
Не забываюць у Шчучынскай МПМК-167 рабіць унёсак у будучыню прадпрыемства. Так, на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай арганізацыі ў 2024 годзе было выдаткавана каля 1,7 мільёна рублёў. Сярод набытых летась пазіцый значыцца будаўнічая тэхніка, сродкі індывідуальнай абароны, спецвопратка і сродкі малой механізацыі. На пачатку 2025 года быў прыдбаны новы аўтобус для перавозкі работнікаў і зусім хутка чакаецца пастаўка міні-эскаватара.
– Падводзячы вынікі мінулага года, можна сказаць, што ўсё атрымалася добра. Хочацца падзякаваць усім нашым работнікам за вынік, якога мы дасягнулі разам. Я думаю, што і далей усё ў нас будзе добра. Чамусьці я упэўнены, што зарплата будзе толькі расці, а разам з ёй і кадравы патэнцыял. Яшчэ раз дзякуй усім за старанную работу, – падсумаваў Юрый Краеўскі.
Напрыканцы мерапрыемства лепшыя будаўнікі былі адзначаны граматамі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.