З арыенцірам на дапамогу
У новым годзе павінны спраўдзіцца надзеі людзей, якія па розных прычынах засталіся без сталага месца работы і хочуць яго знайсці. І ў гэтым гатова дапамагчы камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якую ўзначальвае старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк.
З першых дзён студзеня камісія прадоўжыла сваю работу. Так, на нядаўнім пасяджэнні былі абмеркаваны і зацверджаны план работы на 2019 год, а таксама разгледжаны шэраг пытанняў арганізацыйнага плана.
Ганна Станіславаўна Хвядзюк пазнаёміла калег з пратаколам даручэнняў, дадзеных кіраўніцтвам вобласці ў ходзе снежаньскага семінара па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта №3. І яшчэ раз напомніла, што задача камісіі – садзейнічаць занятасці і самазанятасці насельніцтва раёна, аказаць дапамогу ў пошуках вакансіі людзям, якія могуць і хочуць працаваць. Кіраўнік нацэліла на індывідуальную работу з кожным чалавекам, не занятым у эканоміцы, – з улікам яго прафесійнага вопыту, жыццёвых абставін і г.д.
Камісія выказала гатоўнасць і далей цесна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі і наймальнікамі, а таксама з раённай газетай. Так, на старонках "Дзянніцы" і на сайце будзе працягваць з'яўляцца рознабаковая інфармацыя: у прыватнасці, растлумачэнне асобных норм Дэкрэта №3 "Аб садзеянні занятасці насельніцтва", канкрэтныя прыклады рэалізацыі яго палажэнняў, абвесткі аб ярмарках вакансій і г.д.
Варта яшчэ нагадаць, што жыхары раёна працаздольнага ўзросту, якія хочуць даведацца, ці патрапілі іх прозвішчы ў базу даных незанятых у эканоміцы, або атрымаць адказы на пытанні па тэматыцы Дэкрэта №3, могуць пателефанаваць па нумарах 29 2 03 і 28 8 45 (у рабочы час).
Таццяна ПАЛУБЯТКА.