З 28 сакавіка па 4 красавіка ў Беларусі пройдзе акцыя “Тыдзень лесу”
Сёлета акцыя будзе прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.
– Як і заўсёды, галоўная мэта гэтага мерапрыемства – прыцягненне шырокай увагі грамадскасці да праблем ляснога фонду, папулярызацыя беражлівых адносін да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, – гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Шчучынскага лясгаса Віктар Станіслававіч Маркевіч. – Якія работы мы прапануем нашым дабравольным памочнікам? Гэта пасадка новых лясоў, дапаўненне лясных культур, навядзенне парадку на лясных тэрыторыях.
Калі вы вырашылі не застацца ў баку ад гэтай высакароднай справы, звяжыцеся з рабочай групай Шчучынскага лясгаса па тэлефонах 27-0-85, 27-0-86, і вам падрабязна раскажуць пра ўмовы ўдзелу ў мерапрыемстве.
Па традыцыі, прыняць удзел у акцыі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца як ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы, запрашаюцца ўсе жадаючыя. Да пачатку акцыі ўжо падрыхтаваны аб’екты, дзе кожны зможа ўнесці свой уклад у справу захавання і прымнажэння лясоў.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Сяргея КАСПЕРЧУКА.