З 24 па 28 верасня ў Шчучынскім раёне будуць праводзіцца комплексныя вучэнні па арганізацыі абароны насельніцтва пры надзвычайных сітуацыях

Такую інфармацыю намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей паведаміў на інструктажы-нарадзе, дзе разглядаліся пытанні падрыхтоўкі да гэтага сур'ёзнага мерапрыемства. Ян Браніслававіч назваў пытанні папярэджання і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару вельмі важнымі і заклікаў аднесціся да вучэнняў з усёй адказнасцю.

Аўдыторыя – кіраўнікі аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама, прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, старшыні сельвыканкамаў – уважліва выслухалі алгарытм правядзення будучага вучэння, які агучыў намеснік начальніка аддзела дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях І.М. Казлоў.

– Мэта вучэння – удасканаленне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ацэнка гатоўнасці і ўзаемадзеяння розных раённых службаў і тэрытарыяльных сіл грамадзянскай абароны, – падкрэсліў Ілья Мікалаевіч.

Па яго словах, акцэнт будзе зроблены на практычныя дзеянні падчас умоўных надзвычайных сітуацый, максімальна набліжаных да рэальных. Да прыкладу, трэба быць гатовым прадэманстраваць, як дзейнічае сістэма апавяшчэння аб НС, адрэагаваць на самыя розныя ўводныя – аб выяўленні невядомага рэчыва, адключэнні электраэнергіі на МТФ падчас ўрагану, ўтварэнні затору на дарозе, аварыі ў выпадку выбуху газу, узгарання цыстэрны на чыгунцы ці радыяцыйнай катастрофы... Ацэньвацца будзе ўсё – ад правільнасці прыняцця кіраўніцкага рашэння і аддадзенай каманды да тактыкі ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі фарміраваннем грамадзянскай абароны. Падкрэслівалася: бяда не выбірае, калі ёй прыйсці, таму заўжды трэба быць гатовым хутка, зладжана і граматна ліквідаваць любыя надзвычайныя здарэнні і наступствы, выратаваць пацярпелых, абараніць насельніцтва, захаваць матэрыяльныя каштоўнасці.

Аб'ектамі для правядзення вучэнняў стануць прамысловыя прадпрыемствы, медустановы, РАУС, РГЗ і РЭС, транспартныя арганізацыі і сельгаспрадпрыемствы, установы сацыяльнай сферы і іншыя. Усім і ў любы час сутак трэба быць гатовым падключыцца да выканання ўводных – ліквідацыі ўмоўных надзвычайных сітуацый.

Пытанні грамадзянскай абароны датычаць кожнага. Бо, як слушна заўважыў начальнік Шчучынскага РАНС А.Д. Малюгін, "усё гэта пытанні жыцця".

Дарэчы, 19 верасня з 7.00 до 17.00 у Шчучыне будзе праводзіцца  комплексная праверка сістэмы сувязі і апавяшчэння грамадзянскай абароны Гродзенскай вобласці, у рамках якой таксама будуць уключацца сірэны грамадзянскай абароны.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!