Юбілейныя медалі, віншавальныя паштоўкі, падарункі і кветкі атрымалі ветэраны вайны напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Гэтым заслужаным людзям узнагароды не ў навіну, аднак яны ўсё роўна хвалююцца. У кожнага свая жыццёвая гісторыя, свой пакручасты шлях па вайне, якая і вечным болем, і велічнай славай будзе заўжды адгукацца ў нашых сэрцах. У Шчучынскім раёне медалямі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” удастоены сем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і больш за трыццаць былых вязняў фашысцкіх лагераў. Не кожны з узнагароджаных з-за стану здароўя і паважанага ўзросту зможа прысутнічаць на святочным мітынгу 3 ліпеня, але раённая ўлада зрабіла ўсё, каб урачыстасць моманту гэтыя людзі абавязкова адчулі.
У мінулую суботу цэлая дэлегацыя ў складзе старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намесніка старшыні райвыканкама А.В. Пасюты, ваеннага камісара Шчучынскага раёна А.Г. Гайдука, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідара раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ю.Т. Пашука, “камандзіра ветэранаў” Шчучыншчыны Э.С. Дзікевіча, дырэктара ТЦСАН, старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын С.У. Шанчук наведала ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, каб павіншаваць са слаўнай датай, уручыць юбілейныя медалі і выказаць словы глыбокай удзячнасці за іх ратны і працоўны подзвіг.
Самай старэйшай з нашых адрасатаў – Алене Парфёнаўне Сямёнавай – ужо 99-ты гадочак пайшоў.
Дзякуючы клопатам і адданасці яе дачкі Святланы Фёдараўны жанчына акружана цеплынёй і любоўю, а ў рысах твару і вялікіх блакітных вачах угадваецца ўсё тая ж няўрымслівая піянерская важатая, што 22 чэрвеня 1941 года праводзіла на школьнай спортпляцоўцы ў Шчучыне раённы злёт піянерскіх атрадаў. Раптам варожыя самалёты са свастыкай на фюзеляжы разарвалі ранішняе неба і свінцовым дажджом сталі паліваць мірных людзей. Адважная важатая дапамагала дзецям не разгубіцца, знайсці прытулак у будынку школы, а потым і трапіць дамоў. Сама таксама прабівалася на малую радзіму ў Барысаўскі раён. У 1942 годзе ўступіла ў рады народных мсціўцаў, стала членам брыгады Дзядзі Колі (Лапаціна), з 1943-га была залічана ў атрад імя Варашылава брыгады Панамарэнкі, якая злучылася з часцямі Чырвонай Арміі ў ліпені 1944-га. Усе гэтыя падзеі 75-гадовай даўнасці не можа без слёз успамінаць Алена Парфёнаўна.
– І вам асабіста, і ўсяму вашаму пакаленню мы шчыра ўдзячны за вызваленне нашай роднай Беларусі ад карычневай чумы, – звяртаецца да гаспадыні ўтульнай кватэркі Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – Мы будзем заўжды памятаць, якой цаной далася нам перамога над ворагам, якія выпрабаванні вынес шматпакутны, але мужны і гераічны наш народ.
Падпалкоўнік Аляксандр Генадзьевіч Гайдук прымацаваў да баявых узнагарод на святочным пінжаку ветэранкі юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкі захопнікаў”, а старшыня раённай арганізацыі БСЖ Святлана Уладзіміраўна Шанчук дапоўніла значком васілька – кветкай-сімвалам Беларускага саюза жанчын. Цёплыя словы ды пажаданні ў добрым здароўі сустракаць наступныя юбілеі выказвалі ў адрас А.П. Сямёнавай і іншыя госці. Члены БРСМ з другой гарадской школы ўручылі кветкі, а намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта перадала ад раённай улады прыгожы і карысны падарунак – мульціварку, падкрэсліўшы: “Гэта, каб дыетычныя стравы гатаваць было зручна ды хутка”. Ад аб’яднання прафсаюзаў перадаў прэзент і Юрый Тадэвушавіч Пашук.
– Жывіце доўга і будзьце здаровы! – гучалі словы на развітанне.
Бадзёрым аптымістычным настроем, трапнымі жартамі і прамяністымі ўсмешкамі сустрэлі нашу дэлегацыю ветэран вайны Таццяна Сяргееўна Осіпава і яе блізкія – дачка Наталля Іванаўна Белякова і сын Эдуард Іванавіч Осіпаў. Зноў віншаванні, уручэнне падарункаў і кветак, шчырая размова… А Таццяна Сяргееўна нібыта вяртаецца ў сваю маладосць, дзе ў расійскай Туле кіравала камсамольскай брыгадай на ваенным заводзе, разам з такімі ж юнымі дзяўчаткамі, як на той час сама, да знямогі працавала за станком, выпускаючы для фронту снарады. Пасля вайны была другім сакратаром райкама ВЛКСМ, разам з мужам-вайскоўцам, мужным франтавіком, служылі ў Румыніі, а трапіўшы ў Шчучын, добрасумленна працавала ў сістэме спажыўкааперацыі. Заўсёды яна заставалася вернай закладзеным ідэалам – сапраўдным патрыётам Айчыны, і гэтакімі ж дастойнымі людзьмі выхавала сваіх дзяцей.
– Мне вельмі прыемна, што дзяржава не забывае пра нас, – гаворыць Т.С. Осіпава. – У нашым раёне клопат і павагу адчувае літаральна кожны ветэран. Дзякуй за гэта і раённай вертыкалі, і старшыні нашай ветэранскай арганізацыі Э.С. Дзікевічу.
Вадзім Лявонцьевіч Квач са Скрыбаўцаў у свае 94 з хваляваннем сустракае гасцей на акуратненькім падворку ўласнага дома. Да нас далучаюцца школьнікі і педагогі мясцовай школы, старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама А.Я. Жэшка. Выслухаўшы мноства прывітанняў і пажаданняў, нават не ведаючы, куды пакласці такую колькасць падарункаў, Вадзім Лявонцьевіч нечакана выдзеліў адну са шматлікіх паштовак:
– Вось такія пісьмы-трохкутнікі, як гэты, мы атрымлівалі калісь на фронце. Да чаго ж мне дорага такое віншаванне...
Той “трохкутнік” – ад Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі – прадстаўнікі раённай улады перадалі напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў усім ветэранам Вялікай Айчыннай, кожны з якіх заслугоўвае не тое што газетнага артыкула, а напісання асобнай кнігі. Да прыкладу, В.Л. Квач дайшоў да Берліна, у складзе артылерыйскага палка Першага Украінскага фронту прымаў удзел у вызваленні Польшчы, Чэхіі, Славакіі. У дзень нашай сустрэчы да яго ордэна Айчыннай вайны, баявых медалёў “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”, “За ўзяцце Берліна” быў далучаны яшчэ і чарговы юбілейны – “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
З ганаровай місіяй прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый наведалі кавалера трох (!) ордэнаў Баявога Чырвонага Сцяга і двух ордэнаў Айчыннай вайны, франтавіка-разведчыка Мікалая Мікалаевіча Юр’ева, блакадніцу Ленінграда Веру Мікалаеўну Кузьміну, былую санітарачку палявога шпіталя Марыю Рыгораўну Клачкову, працаўніцу тылу Веру Рыгораўну Маславу.
Нізкі паклон вам, ветэраны, за нашу незалежную, суверэнную Беларусь!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.