Ёсць зварот – будзе рэагаванне

Суботнюю “прамую лінію” з насельніцтвам раёна правёў старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Юльянавіч Сакалоўскі. Паступілі чатыры звароты.

Лета адправіла ў “архіў” пытанні жыллёва-камунальнай і дарожнай тэматыкі, якія яшчэ нядаўна лідзіравалі падчас тэлефонных дыялогаў шчучынцаў з кіраўніцтвам раёна. Тым не менш жыццё не стаіць на месцы, у людзей час ад часу з’яўляюцца бытавыя праблемы і неабходнасць папрасіць дапамогі ў іх вырашэнні. 
Вось і жыхар аграгарадка Ражанка занепакоены, што арандатар мясцовага воднага аб’екта закрыў праезд, у выніку чаго гэтаму чалавеку немагчыма дабрацца да свайго зямельнага ўчастка. А гараджанка з вуліцы Леніна набрала нумар тэлефона “прамой лініі”, каб агучыць сваю просьбу аб зносе аварыйных дрэў.
У гэты дзень патэлефанавалі і дзве вяскоўкі з аграгарадка Новы Двор. Адна з жанчын наракала на частыя перапады напружання ў электрычнай сетцы. У выніку могуць быць пашкоджаны дамашнія бытавыя прыборы, небеспадстаўна лічыць заяўніца. А яе зямлячка звярнулася з просьбай вызваліць ад пагашэння запазычанасці па маёмасным падатку. У прыватнасці, І.Ю. Сакалоўскі параіў апошняй з абанентак звярнуцца з пісьмовай заявай. 
Усе звароты накіраваны ў адпаведныя службы, дзе будуць грунтоўна разгледжаны.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!