Яны любяць спорт з маленства. У Шчучыне прайшоў навагодні дзіцячы турнір па міні-футболе
На мінулым тыдні ў Шчучыне прайшоў адкрыты навагодні міні-футбольны турнір сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2013-2014 года нараджэння. Спартыўныя спаборніцтвы былі прымеркаваны да рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” і арганізоўваліся ДУ “Шчучынскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб”.
Сапраўдныя футбольныя баталіі разгарнуліся на пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў. Удзел у сёлетнім турніры прынялі дзве каманды ад установы “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа горада Шчучына” і дзве каманды філіялаў Гродзенскай абласной СДЮШАР “Юнацтва” з Васілішак і Бярозаўкі Лідскага раёна.
Па выніках турніру пазіцыі каманд размеркаваліся наступным чынам: перамогу ў спаборніцтвах атрымалі дзеткі з каманды Васілішкаўскага філіяла СДЮШАР “Юнацтва”, другое месца заняла каманда № 2 ДЮСШ горад Шчучына, у матчы за трэцяе месца больш паспяховымі былі гульцы каманды № 1 ДЮСШ горада Шчучына, а замыкалі турнірную табліцу прадстаўнікі СДЮШАР “Юнацтва” з Бярозаўкі.
Прызёры былі ўзнагароджаны медалямі ад Шчучынскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.
Сваімі думкамі аб важнасці падобных спартыўных мерапрыемстваў падзяліўся дырэктар Шчучынскага раённага спартыўнага клуба Віктар Струкель:
– Лічу, што праводзіць такія дзіцячыя турніры неабходна абавязкова. Бо калі юныя спартсмены доўга не ўдзельнічаюць у спаборніцтвах з аднагодкамі, то ў іх пачынае губляцца вастрыня ўспрыняцця саперніка, знікае цікавасць да трэніровак. А калі дзеці бачаць узровень сваіх сапернікаў, то яны пачынаюць імкнуцца стаць лепшай версіяй сябе і ўдасканаліць свае вынікі. Такім чынам з’яўляецца “жывы” інтарэс да спорту.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіву ДУ “Шчучынскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб”.