Якія нюансы трэба ведаць абітурыентам гэтага года?

 

Каля 53,5 тысячы першакурснікаў плануецца прыняць сёлета на ўзровень вышэйшай адукацыі. Пра гэта паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.

 

План прыёму на бюджэтную форму навучання складае 27,7 тысячы чалавек, на платную — каля 25,8 тысячы. Пры гэтым у структуры бюджэтнай формы дамінуе дзённая форма навучання (гэта каля 23 тысяч чалавек), а на платную форму будзе залічана ўсяго каля 4,5 тысячы.

 

А вось у структуры завочнай формы наадварот — больш месцаў адводзіцца пад платную форму атрымання адукацыі.

 

Сіці-менеджмент і біяінфарматыка

 

Па словах Сяргея Каспяровіча, у бягучым годзе ў беларускіх ВНУ адкрыецца шэраг новых спецыяльнасцяў. Так, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна плануе прыём на спецыяльнасць «урбаналогія і сіціменеджмент». Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт будзе весці набор на спецыяльнасці «геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць» і «біяінжынерыя і біяінфарматыка». Яшчэ адзін новы напрамак «дызайн (касцюма і тканін)» адкрыецца ў БДУ ў рамках спецыяльнасці «дызайн» на факультэце сацыякультурных камунікацый.

 

БНТУ аб'явіў набор на спецыяльнасці «эканоміка і арганізацыя вытворчасці» па напрамку «лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве» — гэта так званая індустрыя 4.0. БДТУ запрашае абітурыентаў на мадэрнізаваную спецыяльнасць «тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў». Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт правядзе набор на спецыяльнасць «японская мова і другая замежная мова» са спецыялізацыяй «спецыяльны пераклад».

 

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт адкрывае спецыяльнасць «інструментальныя сродкі і тэхналогія праектавання інтэлектуальных сістэм». Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. А. Сухога — спецыяльнасць «кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве».

 

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы распачнецца падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях «аналітычная біяхімія» і «біяхімія лекавых сродкаў». А факультэт гісторыі камунікацыі ўпершыню ажыццявіць набор на «вэб-журналістыку».

 

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава адкрывае спецыяльнасць «спартыўна-педагагічная дзейнасць», дзе будуць рыхтаваць спецыялістаў для трэнерскай работы, а Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова — спецыяльнасць «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».

 

Трэба заўважыць, што адкрыць новую спецыяльнасць — вельмі працаёмкі працэс, які патрабуе дэталёвай распрацоўкі адукацыйнага стандарту і тыпавога навучальнага плана, узгаднення з Міністэрствам адукацыі, узаемадзеяння з будучымі заказчыкамі кадраў і пацвярджэння запатрабаванасці адпаведных спецыялістаў.

 

А вось абітурыентам, якія плануюць паступаць сёлета на журфак БДУ, варта мець на ўвазе, што на спецыяльнасцях «журналістыка» і «міжнародная журналістыка» будуць толькі бюджэтныя месцы, платнай формы навучання не прадугледжана. Толькі на спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» для платнікаў адведзена 9 месцаў. Агульны план прыёму на бюджэт складае 91 чалавек.

 

— Фарміраванне лічбаў прыёму на бюджэтную і платную формы навучання — гэта сур'ёзная і карпатлівая работа, звязаная з аналізам патрэб адпаведных арганізацый і дагавораў, заключаных установамі адукацыі з заказчыкамі кадраў, — патлумачыў Сяргей Каспяровіч. — Сёння акцэнт у дзяржаўнай інфармацыйнай палітыцы робіцца ў бок развіцця дзяржаўных СМІ. Ва ўсіх абітурыентаў ёсць права ўдзельнічаць у конкурсе і паступіць на бюджэтную форму і, адпаведна, быць потым размеркаванымі ў любую арганізацыю інфармацыйнага сектара. У першую чаргу — да заказчыка кадраў. Сёлета, з улікам аналізу размеркавання выпускнікоў, універсітэтам і было прынята такое рашэнне. Пры гэтым хачу адзначыць, што прыём на спецыяльнасць «журналістыка» таксама ёсць і ў іншых установах адукацыі. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

 

Без экзаменаў

 

Сяргей Каспяровіч звярнуў увагу на тое, што ў новых рэдакцыях Кодэкса аб адукацыі і Правілаў прыёму істотна пашыраюцца магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя — заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым населеным пункце Беларусі. На сельскагаспадарчых спецыяльнасцях пад мэтавы набор можа адводзіцца да 60 працэнтаў месцаў, на медыцынскіх — да 50 і на ўсіх астатніх — да 40 працэнтаў.

 

Цяпер наконт ільгот. З 2022 года без уступных экзаменаў будуць залічваць у ВНУ выпускнікоў спартыўна-педагагічных класаў — на спецыяльнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту; абітурыентаў, якія паступаюць па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці па пераліку, што вызначае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Без экзаменаў змогуць паступаць і абітурыенты, якія здавалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі — у тым выпадку, калі яны паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай. Іх пералік вызначаецца Міністэрствам адукацыі. Прычым для такіх абітурыентаў устаноўлена квота ў 20 працэнтаў ад лічбаў прыёму. У Міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што дадзенае новаўвядзенне зможа павысіць зацікаўленасць абітурыентаў з Расійскай Федэрацыі ў атрыманні вышэйшай адукацыі ў нашай краіне.

 

Паступіць па-за конкурсам змогуць выпускнікі ваенна-патрыятычных класаў — ва ўстановы Міністэрства абароны, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты (пры адзнаках не ніжэй за 6 балаў у атэстаце). У ВНУ Мінабароны змогуць пайсці тыя, хто прайшоў факультатыў «Гатовы Радзіме служыць», у ВНУ Дзяржпагранкамітэта — факультатыў «Юны пагранічнік». Для абедзвюх катэгорый устаноўлена квота ў 30 працэнтаў ад лічбаў прыёму.

«Педагагічнае суправаджэнне»

 

Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2022 годзе будуць ажыццяўляць 110 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 84 установы адукацыі, якія рэалізуюць адпаведныя праграмы, у асноўным філіялы ВНУ. План прыёму сфарміраваны з улікам патрэб заказчыкаў кадраў — усяго чакаецца прыняць каля 39,5 тысячы чалавек. Пры гэтым на дзённую форму — 24,3 тысячы абітурыентаў: на аснове агульнай базавай адукацыі — 14,7 тысячы чалавек і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 7,6 тысячы. На завочную бюджэтную форму плануецца прыняць дзве тысячы абітурыентаў. На платную форму навучання сумарна плануецца прыняць 13,2 тысячы чалавек, пры гэтым на дзённую — 9,3 тысячы і на завочную — 3,9 тысячы абітурыентаў.

 

17 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі пашырылі пералікі спецыяльнасцяў, па якіх будуць ажыццяўляць падрыхтоўку. Напрыклад, Мінскі гарадскі педагагічны каледж і Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Я. Купалы ўпершыню аб'явяць прыём на новую спецыяльнасць «педагагічнае суправаджэнне». Каледжы пачынаюць рыхтаваць выхавальнікаў для персанальнага суправаджэння навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта зусім новая спецыяльнасць. Зыходзячы з перспектыў развіцця сістэмы адукацыі і прапаноў арганізацый-заказчыкаў кадраў, можна казаць аб высокай запатрабаванасці кадраў такой кваліфікацыі. Выпускнікі атрымаюць магчымасць працаўладкавацца не толькі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, але і ў выхаваўчааздараўленчых установах адукацыі, цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтрах з прытулкам і іншых установах адукацыі, якія рэалізоўваюць праграмы выхавання.

 

Пры гэтым таксама адкрываюцца новыя спецыяльнасці для асобных устаноў адукацыі. Так, у філіяле БНТУ «Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж» адкрываецца спецыяльнасць «архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя». Беларускі дзяржаўны каледж прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, філіял БДТУ, адкрывае спецыяльнасць «абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі».

 

Дадатковы час на ЦТ

 

2 мая ў краіне распачынаецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК нагадаў, што яна прадоўжыцца да 1 чэрвеня ўключна. Абітурыенты могуць запоўніць анкету папярэдняй рэгістрацыі ў асабістым кабінеце на сайце РІКВ або асабіста наведаць выбраны пункт тэсціравання. Папярэдняя рэгістрацыя будзе даступная з 9 гадзін 2 мая да 12 гадзін 1 чэрвеня. У апошні дзень пасля 12 гадзін і да закрыцця пунктаў рэгістрацыі ў 19 гадзін падаць заяву на ўдзел у ЦТ можна будзе толькі асабіста.

 

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Такім чынам, у іх ёсць магчымасць ракіроўкі пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці.

 

Рэгістрацыя завяршаецца атрыманнем пропуску, па якія трэба звярнуцца не пазней за 1 чэрвеня. У графе «Абраныя прадметы і пункты тэсціравання» будуць указаны адрасы пунктаў рэгістрацыі (іх 41), у адзін з якіх неабходна будзе звярнуцца пасля здзяйснення аплаты. Пры сабе трэба мець пашпарт або пасведчанне на жыхарства, пасведчанне бежанца. Забраць пропускі замест абітурыента могуць таксама яго законныя прадстаўнікі.

 

Менавіта ў пропуску ўказваецца інфармацыя, калі і куды трэба прыходзіць у дзень правядзення тэсціравання. Пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуску выдаецца дублікат.

 

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе 14 чэрвеня з беларускай мовы. Самымі масавымі выпрабаваннямі традыцыйна будуць ЦТ па матэматыцы і рускай мове. Пад іх правядзенне «забраніравана» па два дні.

 

— Рассадка ў аўдыторыях прадугледжваецца камфортная і бяспечная. Акрамя таго, сёлета ў інтарэсах абітурыентаў было прынята рашэнне павялічыць на 30 хвілін час выпрабаванняў па фізіцы і матэматыцы, — расказаў Юрый Міксюк. — Калі казаць аб матэрыялах ЦТ, то на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў ужо даўно размешчана спецыфікацыя тэстаў. Абітурыенты маглі з ёй азнаёміцца і прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне ў розных формах (афлайн і анлайн). Таму ўсе маглі пераканацца, што істотных змяненняў у плане складанасці і структуры тэстаў няма. Абітурыенты могуць спакойна рыхтавацца да здачы ЦТ, прыйсці, паказаць свае школьныя веды, і гэтага будзе дастаткова. Завершыцца асноўны этап ЦТ 6 ліпеня. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 2 да 7 ліпеня. Але для таго каб быць дапушчанымі да здачы ЦТ у рэзервовыя дні, патрабуюцца ўважлівыя прычыны.

 

ЗВЯЗДА

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!