Якасць прадукцыі ў прыярытэце. Новыя аб’екты малочнай вытворчасці былі ўведзены ў эксплуатацыю ў ААТ “Дэмбрава”

 

Новыя аб’екты малочнай вытворчасці былі паспяхова ўзведзены ў эксплуатацыю каля вёскі Мураўёўка – на МТФ “ЛАРТА” ААТ “Дэмбрава”. Сучасны кароўнік і даільна-малочны блок пабудаваны па новым унікальным для нашага раёна праекце.

 

       

 

Інавацыйнасць праекта заключаецца ў тым, што пры будаўніцтве новых аб’ектаў на МТФ “ЛАРТА” замест стандартнага жалезабетону выкарыстоўваліся металаканструкцыі. А дах кароўніка замест шыферу ці металапрофілю накрываўся тэнтам. Да асноўных плюсаў будынкаў з металаканструкцый можна аднесці таннасць і хуткасць узвядзення.

 

     

 

– Гэты праект мы планавалі тры гады, – расказвае дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Туля. – Нашы спецыялісты наведвалі Капыльскі раён, дзе гэтыя фермы ўжо паспяхова функцыянавалі. Пасля вывучэння досведу калег было прынята рашэнне аб будаўніцтве. Акрамя таго, што гэты варыянт таннейшы і хутчэй будуецца, у новым кароўніку палепшаны паветраабмен. На адну карову тут прыходзіцца больш за 64 кубічныя метры паветра – гэта важны складнік здароўя жывёлы, які непасрэдна ўплывае на якасць і колькасць прадукцыі. Мы шчыра ўдзячныя будаўнікам са Шчучынскай МПМК-167 і пінскага ААТ “Аграрныя тэхналогіі” за якасную працу і своечасовую здачу аб’ектаў.

 

Узвядзенне аб’ектаў працягвалася 8 месяцаў.Агульны кошт праекта – каля 8 мільёнаў беларускіх рублёў, з якіх 2,5 мільёна – крэдытныя грошы, а астатнія сродкі былі ўзяты з прыбытку гаспадаркі. Фінансавае становішча ААТ “Дэмбрава” дазваляе штогод рабіць інвестыцыі ў развіццё сваіх аб’ектаў сельскай гаспадаркі на суму 10 мільёнаў рублёў.

 

Сёння новая ферма ўжо паспяхова працуе, зараз тут знаходзяцца 70 навацельных кароў. Штодня тут ужо атрымліваюць 3 тоны малака гатункам “экстра” пры 100 - працэнтнай таварнасці. На поўную магутнасць новыя аб’екты запрацуюць да мая, плануецца, што пры поўнай загрузцы на 250 кароў тут будуць атрымліваць каля 10-12 тон малака ў суткі.

 

      

 

Пляцоўку пад новыя аб’екты на базе МТФ “ЛАРТА” выбралі не выпадкова. Выдатная інфраструктура, добрая лагістыка і кармавая база спрыяюць стварэнню моцнага малочнага ядра гаспадаркі менавіта тут. Як адзначае Аляксандр Туля, у ААТ “Дэмбрава” плануюць паступова павялічваць пагалоўе дойнага статка і будаваць новыя цялятнікі.

 

Плануецца, што малочнатаварная ферма “ЛАРТА” ў перспектыве будзе развівацца і ў будучым тут з’явіцца яшчэ адно крыло дойнага статка. Запас, зроблены пры будаўніцтве даільна-малочнага блока, дазваляе гэта.
Новыя аб’екты дазволяць з гэтага года размясціць 2671 галаву дойнага статка гаспадаркі на сучасных малочнатаварных комплексах. Да нядаўняга часу ў сельгаспрадпрыемстве яшчэ заставалася старая лінейная ферма на 200 кароў. Менавіта яны і будуць пераведзены на новыя аб’екты МТФ “ЛАРТА”.

 

 

Новы кароўнік і ДМБ маюць добрае начынне – сучасныя даільныя ўстаноўкі і стойлавае абсталяванне, новае праграмнае забеспячэнне. Асабліва ўпадабалі мясцовыя жывёлаводы новыя сістэмы фіксацыі жывёлы “Хэдлок”. Гэты механізм фіксуе галаву каровы, забяспечваючы яе бяспеку і камфорт, што значна аблягчае працу для ветурача і асемянатара. Таксама на ферме створаны цудоўныя бытавыя ўмовы для работнікаў: камфортныя распранальні, душавыя, пакой для адпачынку і прыёму ежы.

 

– Якасць новых аб’ектаў мы высока ацанілі яшчэ ў першы дзень выкарыстання, – кажа галоўны заатэхнік ААТ “Дэмбрава” Віталій Кунец. – Калі завозілі сюды жывёлу, нам не трэба было, як раней, заганяць яе ў даільную залу, дзе яна павінна даіцца і не мець стрэсу. Адразу павялі ў кароўнік на кармленне і зафіксавалі з дапамогай новай сістэмы “Хэдлок”. Селекцыянер у спакойнай абстаноўцы надзеў на кожную карову нашыйнікі з чыпам. Камфорт і спакой для жывёлы вельмі важныя, а на новай ферме маральны стан кароў значна лепшы, чым на аб’ектах старога ўзору. Усё гэта станоўча ўплывае на якасць і колькасць атрыманага малака.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

#нашелучшее #нашалепшае

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!