Як знайсці агульную мову з Фемідай дакладна ведае юрыст Юлія Шанчук
Юлія Шанчук вось ужо тры гады працуе юрыстам і інспектарам па кадрах у Шчучынскай ЦРБ. Сваю работу дзяўчына вельмі любіць. Мы спыталі ў Юліі, што паўплывала на выбар прафесіі і як заставацца ў курсе ўсіх прававых пытанняў?
– Я родам з аграгарадка Бакшты, – расказвае пра сябе наша гераіня. – У школе была адзінай дзяўчынкай у класе. Магчыма, маё сяброўства з хлапчукамі і паўплывала на выбар прафесіі: хацелася насіць міліцэйскую форму і стаяць на варце закону. Дарэчы, мой аднакласнік Дзіма Джыг таксама марыў быць міліцыянерам і зараз ён працуе ў Шчучынскім РАУС.
На жаль, паступіць у Акадэмію МУС Юліі не ўдалося – крыху падвяло здароўе. Аднак дзяўчына не адступіла ад сваёй мэты, пайшла вучыцца ў каледж, затым паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на юрыдычны факультэт. У хуткім часе Юлія ўладкавалася на працу ў Шчучынскую раённую бальніцу.
Дзяўчына разумела, што быць выпускніком ВНУ – яшчэ не значыць быць паспяховай у прафесіі. Для гэтага неабходны практыка і, безумоўна, вопыт. 3 гадамі прыйшоў і ён, і ўпэўненасць у сваіх сілах. Ды і калектыў прыняў маладога юрыста вельмі добра. Раўняцца Юліі было і ёсць на каго: побач працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія заўсёды гатовы падставіць надзейнае сяброўскае плячо.
– Працаваць юрыстам у бальніцы цікава. Канечне ж, на юрыста кладзецца вялікая адказнасць. Спецыфіка маёй працы – апека і папячыцельства. Даводзіцца назначаць для недзеяздольных людзей апекуноў, сачыць за тым, ці выконваюцца ўскладзеныя на іх абавязкі. Працаваць з людзьмі складана. Асабліва, калі размова ідзе пра хваробу іх родных людзей. Часам здараецца так, што недзеяздольных ніхто не хоча даглядаць, тады шукаем для іх інтэрнат. Аднак на пэўны час (пакуль ідзе афармленне належных дакументаў) шукаем для іх апекуна. Такія паслугі не аплачваюцца, таму людзі згаджаюцца на гэты статус неахвотна. Мне і самой давялося стаць апекуном для зусім незнаёмай адзінокай 89-гадовай жанчыны. Пакуль яна знаходзіцца ў бальніцы, таму перадаю для яе перадачы, купляю неабходныя рэчы. Вось такая наша праца.
– А сябры і знаёмыя часта карыстаюцца Вашымі парадамі? – пытаю ў Юліі.
– Так, – усміхаецца мая суразмоўца. – Даю прававыя кансультацыі па розных пытаннях.
Каб быць дасведчаным ва ўсім і дасканала валодаць прававой базай, Юлія пастаянна ўдасканальвае свае веды: займаецца самаадукацыяй, чытае тэматычныя артыкулы. Дапамагае быць у курсе ўсіх змен у прававым полі спецыялізаваная аналітычная прававая сістэма “Бізнэс-Інфа”.
Дома Юлію заўсёды чакае каханы муж, які з разуменнем адносіцца да яе работы. А калі раптам выдаецца вольная хвілінка, дзяўчына з задавальненнем стварае разнастайныя ўпрыгожванні з атласных стужак. Яна ва ўсім імкнецца быць мабільнай і не спыняцца на дасягнутым.
На працы за некалькі гадоў Юлія зарэкамендавала сябе добрасумленным спецыялістам. На яе жаночых плячах шмат абавязкаў, аднак наша гераіня па-ранейшаму марыць калі-небудзь адчуць на іх жаданыя міліцэйскія пагоны.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.