Як у Жалудку свая чэмпіёнка з’явілася, ведае настаўнік фізічнай культуры і здароўя Жалудоцкай СШ імя Урублеўскага Наталля Цывінская

 У гарадскім пасёлку яе добра ведаюць як настаўніка. А вось пра яе сур’ёзныя дасягненні ў веласпорце мала хто чуў.
Нарадзілася будучая веласпартсменка ў Гродне, наведвала спачатку 5-ую, а потым 13-ую гарадскія школы, дзе яе і знайшоў будучы трэнер Яўген Леанідавіч Камагораў. Ён запісаў дзяўчынку на заняткі па веласпорце і на працягу тыдня вазіў яе на трэніроўкі, каб паказаць падрыхтоўку веласпартсменаў. Вялікага жадання ісці ў гэтую секцыю ў Наталлі адразу не ўзнікла, але паступова, і ў тым ліку дзякуючы намаганням трэнера, шасцікласніца вырашыла ўсур’ёз заняцца падрыхтоўкай да спаборніцтваў. 
– Усе збіраліся на велабазе. Кожны веласіпед правяраў механік, але і мы ўмелі “шыць” і клеіць камеры, у якіх падчас спаборніцтваў з’яўляліся праколы і дзіркі, – успамінае Н.Л. Цывінская. – Трэнер не дазваляў нам расслабляцца, таму займаліся да сёмага поту. Нашы заняткі некаторы час праходзілі на трасе Гродна-Скідзель, дзе мы ездзілі і ў спакойным тэмпе, і з паскарэннем, па парах ці ў адной звязцы. Падчас некаторых заняткаў намотвалі па 120 кіламетраў. 


У сваіх першых абласных спаборніцтвах на дыстанцыі ў пяць кіламетраў Наталля перамагла і тым самым натхнілася на далейшае развіццё. У хуткім часе яе накіравалі ў вучылішча алімпійскага рэзерву, куды яна паступіла пасля 8-га класа. Наступнай прыступкай да значных перамог стаў тэхнікум фізічнай культуры – цяпер такой установы адукацыі ў Гродне няма, выпуск Наталлі быў апошнім. 
Вялікая колькасць перамог у спаборніцтвах самых розных узроўняў дазволіла трапіць у склад зборнай Беларусі па веласпорце. 
– Зімнія трэніроўкі праводзілі ў паўднёвых шыротах, часта ездзілі ў Гагру, Ташкент, Душанбэ. Зборы доўжыліся па некалькі месяцаў, – распавядае Наталля Лявонцьеўна. – Трасы там былі вельмі цяжкія: дваццаць пяць кіламетраў угару, потым падоўжаны спуск. Тармазілі з дапамогай спецыяльных тросікаў. Калі такі лопне, то спыніцца амаль немагчыма. На спаборніцтвах у Чырчыку (Узбекістан) мы ехалі ўгару, і ў мяне зламалася сядло. Пятнаццаць кіламетраў уверх я ехала без сядла, але потым не вытрымала, развярнулася і сышла з дыстанцыі. 
Наталля Лявонцьеўна выдатна праявіла сябе ў розных відах веласпорту. Атрымалася паказаць вынік у індывідуальных, групавых і камандных гонках. Паспрабавала свае сілы і на велатрэку, дзе таксама займала прызавыя месцы. 
Падчас каманднай гонкі на ўсесаюзных спаборніцтвах у Тбілісі ў 1989 годзе веласпартсменка выканала нарматыў майстра спорту. Дыстанцыя ў 25 кіламетраў прынесла Н.Л. Цывінскай не толькі перамогу ў складзе зборнай БССР, але і такое ганаровае званне. Пацвердзіла яго Наталля Лявонцьеўна на іншых спаборніцтвах ужо ў Брэсце.


– Самая вядомая веласпартсменка Беларусі Наталля Цылінская прыйшла ў спорт на некалькі гадоў пазней за мяне, – распавядае Н.Л. Цывінская. – Ёй больш падышоў менавіта трэк, чым шаша. Памятаю першыя спаборніцтвы, на якіх мы сустрэліся з Наталляй. Трэнер тады сказаў: “Паглядзі, за табой добрая дзяўчына едзе”.
На апошнім курсе тэхнікума Н.Л. Цывінская выйшла замуж і пераехала да мужа Геннадзя Іосіфавіча, з якім пазнаёмілася на вяселлі стрыечнага брата ў вёсцы Купры пад Жалудком. 
Для таго, каб папасці ў зборную СССР і мець магчымасць выступаць у спаборніцтвах на міжнародным узроўні, трэба было перамагчы ў яшчэ адным заездзе. Спачатку яна хацела вярнуцца ў вялікі спорт, але так і не асмелілася. Да таго ж аднаго жадання аказалася мала – магчымасці наведваць заняткі ды ездзіць на зборы не было. 


– У мяне цудоўная сям’я, ужо дарослыя дзеці, – прызнаецца Наталля Лявонцьеўна. – Старэйшы сын Максім таксама вырашыў заняцца спортам і выбраў футбол. Цэлы год мы вазілі яго ў Шчучын на трэніроўкі, а потым аддалі ў вучылішча алімпійскага рэзерву.
Зараз Максім ужо заканчвае Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і працуе ў “Гроднаэнерга”. За плячыма – гульні за гродзенскі “Нёман”, але больш паспяхова склалася з пляжным футболам. Зусім нядаўна каманда Гроднааблспорту, у складзе якой на пазіцыі варатара гуляе Максім, стала чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь. Дачка Анастасія пэўны час гуляла ў валейбол, а вось у малодшай – Ангеліны – са спортам адносіны пакуль не ладзяцца.
 Са старэйшымі дзецьмі Наталля Лявонцьеўна часта выбіралася на велапрагулкі. Зімою яна іншы раз выходзіць на прабежку ад свайго дома да Жалудка і наадварот. Бегчы так трэба каля двух кіламетраў. Канешне, пра сваё захапленне жанчына ніколі не забывае, таму вельмі часта сочыць за поспехамі беларускіх веласпартсменаў на спартыўным канале. 
Вяртацца ў горад Наталля Лявонцьеўна ніколі не імкнулася – хутка закруцілася ў віхры клопату і працы, занялася гаспадаркай. Для яе вельмі важна, каб усе ў сям’і былі вельмі шчаслівымі, каб каля дома прыгожа цвілі ружы...
Юлія ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!