Як надаць рабоце шчучынскіх дружыннікаў новы імпульс? На нядаўнім пасяджэнні раённага штаба падвялі вынікі за бягучы год

На тэрыторыі раёна створаны і дзейнічаюць 11 дабравольных дружын, у складзе якіх 119 чалавек, а таксама маладзёжны атрад аховы правапарадку. Гэтыя людзі – добрая дапамога супрацоўнікам міліцыі ў ахове грамадскага парадку на сяле і ў горадзе, у прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў у маладзёжным асяроддзі, адзначалася на нядаўнім пасяджэнні раённага штаба дабравольных дружын.

 

 

– За 11 месяцаў бягучага года пры садзейнічанні членаў дабравольных дружын было выяўлена 18 правапарушэнняў. Гэта факты распіцця алкагольных напояў у грамадскіх месцах, парушэння правіл дарожнага руху, самагонаварэння, – паведаміў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, намеснік кіраўніка штаба ДД С.Г. Матукевіч. –Дружыннікі дапамагаюць падтрымліваць парадак пры правядзенні ў раёне масавых мерапрыемстваў – авіяцыйна-спартыўнага свята, фестывалю кветак і іншых. Мы з задавальненнем прымем дапамогу нашых дабравольных памочнікаў пры ахове грамадскага парадку ў навагоднюю ноч.

 

Дарэчы, каманда шчучынскіх дружыннікаў сёлета спрабавала свае сілы ў абласным аглядзе-конкурсе, дзе заняла другое агульнакаманднае месца па дартсе і набыла пэўны вопыт, падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сакратар штаба ДД А.У. Міхалоўская. Анастасія Уладзіміраўна падзякавала актыўным дружыннікам за іх грамадзянскую пазіцыю і ўклад у забеспячэнне правапарадку ў раёне, а С.Г. Матукевіч уручыў невялікія сувеніры.

 

 

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі таксама прадстаўленне пракуратуры раёна аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць парушэнням заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў. Былі разгледжаны і іншыя пытанні, якія належыць вырашыць, каб надаць рабоце дружыннікаў новы імпульс.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!