Як хутка ў Беларусі адбудзецца поўны пераход на каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, адказаў дырэктар Банкаўскага працэсінгавага цэнтру

 

Як хутка ў Беларусі адбудзецца поўны пераход на каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, ці «кэш» будзе жыць і далей. На гэтыя пытанні ў інтэрв’ю газеце «Звязда» адказаў генеральны дырэктар ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» Аляксандр Сотнікаў.

 

«Я доўгі час шчыра лічыў, што наяўныя грошы бесперспектыўныя, і час іх сыходу не за гарамі. Аднак, як паказвае практыка, не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, чуткі пра “смерць” наяўных моцна перабольшаныя. У перыяд геапалітычнай турбулентнасці наяўныя аказаліся адным з самых суверэнных (разам з нацыянальнымі плацежнымі сістэмамі) сродкаў плацяжу», — сказаў эксперт.

 

Паводле яго слоў, падтрыманне наяўна-грашовага абароту — рэч дарагая для дзяржавы, але, як паказвае практыка, наяўныя — пакуль яшчэ сур’ёзная альтэрнатыва безнаяўным сродкам. «Безумоўна, намаганні дзяржавы вывесці наяўны абарот з ценю значныя і адчувальныя, аднак застаецца яшчэ дастаткова шмат галін нашага жыцця, дзе пераважаюць менавіта наяўныя», — заўважыў суразмоўца «Звязды».

 

І гэта не толькі славутыя рынкі, але і плацяжы на карысць рамеснікаў, напрыклад. «І я кажу толькі пра плацяжы ў “белай” зоне, а колькі іх у “шэра-чорнай”? У сельскай мясцовасці за машыну пяску, за паслугі па ўзворванні, касьбе, за будаўнічыя работы, якія аказваюцца неафіцыйна, з-за зразумелых прычын, гаворка пра безнаяўны разлік у прынцыпе не ідзе. За рэдкім выключэннем не прыжыўся безнаяўны плацеж пакуль і ў сферы паслуг і тавараў рэлігійнага прызначэння. Увогуле, пакуль наяўныя грашовыя сродкі з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай плацежнай экасістэмы. І, натуральна, з імі трэба працаваць, іх трэба абслугоўваць», — падкрэсліў Аляксандр Сотнікаў.

 

Ён упэўнены, што банкаматны бізнес дакладна не памірае, хутчэй адбываецца сур’ёзная яго трансфармацыя. «Цяпер ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нашай краіне, выразна выяўляецца трэнд на замену ўстарэлых мадэляў з адзінай функцыяй — зняцця наяўных, на сучасныя шматфункцыянальныя банкаматы. Іх яшчэ называюць банкаматамі поўнага цыкла або рэсайклінгавымі банкаматамі. Іх асноўная асаблівасць у тым, што ў гэтых банкаматах рэалізаваны поўны цыкл рэцыркуляцыі наяўных — яны і выдаюць, і прымаюць наяўныя. Больш за тое прынятыя наяўныя пералічваюцца і могуць быць выдадзены іншаму кліенту», — распавёў генеральны дырэктар ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр».

 

Такія банкаматы, калі іх устанавіць у месцах са збалансаваным абаротам па прыёме/выдачы наяўных, значна радзей інкасуюцца. Акрамя таго, варта адзначыць, што банкі сёння выкарыстоўваюць бескантактавыя экасістэмы. І калі пытанні з бескантактавымі плацяжамі ў гандлі ўжо даўно закрытыя, то казаць пра 100 % бескантактавай функцыянальнасці банкаматнага парка Беларусі пакуль яшчэ рана. Для рэалізацыі гэтай задачы банкі цяпер закупляюць выключна банкаматы з магчымасцю ажыццяўлення бескантактавых аперацый.

 

Трэба звярнуць увагу на тое, што цяпер банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай. У спектр аперацый, якія ажыццяўляюцца ў сучасных банкаматах беларускіх банкаў, акрамя стандартных, уваходзяць і прыём плацяжоў (як у наяўнай, так і безнаяўнай формах), і валютна-абменныя аперацыі, і прыём выручкі ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, і правядзенне аперацый без выкарыстання карткі, і дэпазітныя аперацыі. У цэлым і вонкавае аблічча, і ўнутранае напаўненне сучаснага банкамата прынцыпова адрозніваецца ад яго папярэднікаў 1990-х — 2000-х гадоў.

ЗВЯЗДА

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!