Як дэпутат дэпутату…

Прыём грамадзян па асабістых пытаннях і прамую тэлефонную лінію правялі ў Васілішкаўскім сельвыканкаме дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе № 60 В.І. Саўко, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, дэпутаты райсавета па Васілішкаўскай выбарчай акрузе Л.А. Фяцісава і Васілішкаўскага сельвыканкама Н.П. Ліпская, а таксама старшыня Васілішкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Т.І. Зубрыцкая.

На прамую лінію патэлефанаваў жыхар вёскі Шайбакі Антон Іосіфавіч Каспер. Ён з’яўляецца інвалідам першай групы і мае патрэбу ў абслугоўванні сацыяльнага работніка. Ёсць і яшчэ адна набалелая для гэтага чалавека праблема, якую ён не можа вырашыць самастойна. Хата, дзе жыве, --старэнькая, не ўтрымлівае цяпла, таму А.І. Каспер папрасіў дэпутата пасадзейнічаць у правядзенні пэўных рамонтных работ.

Валерый Іосіфавіч Саўко разам з прысутнымі калегамі-дэпутатамі тут жа абмеркавалі, чым рэальна дапамагчы чалавеку.

  – Безумоўна, мы падключым сацыяльную службу, каб як мага аператыўней вырашыць пытанне па доглядзе, а што тычыцца рамонту, то перш-наперш звернемся па парады да прафесіяналаў, якія і вызначаць канкрэтны фронт работ. Спадзяёмся, што ААТ “Васілішкі” не адмовіць у дапамозе адзінокаму чалавеку з інваліднасцю. Магу запэўніць, што Антон Іосіфавіч не застанецца сам на сам са сваёй бядою, як і іншыя адзінокія састарэлыя людзі, -- падкрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

  Дэпутаты розных узроўняў заканадаўчай улады, карыстаючыся выпадкам, што сабраліся разам, абмеркавалі нямала актуальных тэм. Гэта і прэзідэнцкі Указ № 375 аб пустуючых старых збудаваннях, што так псуюць выгляд нашых вёсак, і пытанні добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый населеных пунктаў, прывядзення ў парадак сельскіх могілак.

 -- Людзі нам давяраюць, на нас спадзяюцца, таму дэпутацкі корпус павінен быць баявітым і згуртаваным. Калі ёсць каманда, да прыкладу, такая, як у Васілішках, узнятыя праблемы эфектыўна вырашаюцца, -- падсумаваў вынікі сустрэчы дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.

 Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!