Як адзначаюць Новы год у розных кутках свету?
Ужо зусім хутка стрэлкі гадзінніка пяройдуць мяжу 2020 года. Вядома, у залежнасці ад мясцовасці фармат галоўнага свята мае, так бы мовіць, свае нюансы. І тут рэч не толькі ў паясах, якія адмяраюць сусветны пераход ад 31 снежня да 1 студзеня 25 гадзінамі. Як сустракаюць свята на розных кантынентах?
Вярхоўны жрэц і лінія часу
Першага студзеня ў якасці пачатку новага года ўпершыню згадваецца ажно са 153 года да нашай эры. Менавіта ў гэты час займалі на пасаду рымскія консулы. Кардынальна ж «перавярстаў» летазлічэнне Гай Юлій Цэзар. Рымскі палкаводзец (ён жа вярхоўны жрэц) увёў свой новы каляндар (юліянскі) і канчаткова зацвердзіў пачатак года з 1 студзеня 45-га да нашай эры.
Прайшло яшчэ даволі шмат часу, да таго як першага студзеня стала стандартным пачаткам грамадзянскага года. Напрыклад, у Венецыі гэта здарылася ў 1522-м, у Францыі — у 1564-м, у Брытанскай імперыі — у 1721-м, у Японіі — у 1873-м, у Турцыі — у 1926-м. Большасць краін цяпер адзначае Новы год у першы дзень года паводле грыгарыянскага календара.
З улікам паяснога часу ён пачынаецца ў Мікранезіі. Першыя на планеце Новы год сустракаюць жыхары найбуйнейшага ў свеце атола — вострава Раства (Кірыцімаці) дзяржавы Кірыбаці, якая знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Ціхага акіяна. Дарэчы, так адбылося дзякуючы... тутэйшаму палітыку. У 1994 годзе кандыдат у прэзідэнты Тэбурора Ціта паабяцаў грамадзянам, што калі ён пераможа на выбарах, то зробіць так, што жыхары Кірыбаці будуць святкаваць Новы год першыя ва ўсім свеце. Ён выйграў і стрымаў слова — перанёс дэмаркацыйную лінію перамены часу!
Санта-серферы і святочныя палачкі
Рушым далей. Чатэм, які размешчаны воддаль ад асноўных астравоў Новай Зеландыі, сустракае Новы год літаральна праз пятнаццаць хвілін пасля Кірыбаці. У яго спецыяльны гадзінны пояс. Затым Новы год надыходзіць непасрэдна ў Новай Зеландыі. У гэты ж час яго сустракаюць і палярнікі з Паўднёвага полюса ў Антарктыдзе. Наступныя святкуюць жыхары крайняй усходняй Расіі (Анадыр, Камчатка), Фіджы і некаторых іншых ціхаакіянскіх астравоў (Науру, Тувалу).
Пасля надыходзіць чарга «Зялёнага кантынента». Пра Аўстралію, дзе цяпер самае лета, варта расказаць асобна. У навагоднюю ноч у небе над Сіднеем рассыпаюцца шматлікія феерверкі, прыкметныя з адлегласці 16—20 кіламетраў ад горада. Адно з найбуйнейшых на планеце піратэхнічных шоу ладзяць у гавані Sydney Harbor. Аднак сёлета святкаванне азмрочана маштабнымі пажарамі, якія не сціхаюць праз анамальную спякоту.
Тым часам Новы год надыходзіць у Папуа-Новай Гвінеі, а таксама на Марыянскіх астравах. Тут, вядома ж, свае нюансы. Напрыклад, у Новай Гвінеі ладзяць абавязковае «дэнс-шоу». На экзатычным востраве ёсць спецыяльныя святочныя аксесуары — там усе «адзяваюць» спецыяльныя белыя палачкі ў нос. Гэта робяць не толькі малыя, але і дарослыя.
108 званоў і ранішні «дэнс»
У Японіі ў момант пачатку новага года людзі пачынаюць рагатаць. Яны вераць, што смех прыносіць ім поспех. Сярод святочных аксесуараў папулярнасцю карыстаюцца амулеты на шчасце — граблі. Кожны японец абавязкова іх набывае, каб пад Новы год было чым заграбаць шчасце. Пра надыход новага года ў Японіі абвяшчаюць 108 удараў званоў, кожны з якіх, па старажытным павер'і, павінен забіць чалавечыя заганы. Прычым заганаў усяго шэсць, але ў кожнай ёсць па 18 адценняў.
У Індыі ролю навагодняй ёлкі выконвае мангавае дрэва, якое ўпрыгожваюць садавіной і гароднінай. На стол ставяць самыя вострыя стравы. Лічыцца, што чым ежа вастрэйшая, тым лепшы будзе наступны год. У адным з куткоў краіны свята лічыцца адкрытым, калі падаб'юць падпаленай стралой папяровага змея.
Калі большасць насельніцтва планеты сустракае Новы год уначы, то непальцы — раніцай. Пакуль на вуліцы цёмна, жыхары гэтай краіны распальваюць вогнішчы і спальваюць у іх старыя рэчы. А ўранку твары, рукі і грудзі непальцаў размаляваныя яркімі фарбамі. У такім выглядзе людзі, якія таньчаць і спяваюць, выходзяць на вуліцы.
Вінаградзіны і «калядны казёл»
У Старым Свеце — свае святочныя «фішкі». Як патрабуе старажытная іспанская традыцыя, кожны чалавек у навагоднюю ноч на поспех павінен з'есці 12 вінаградзін — па адной з кожным ударам мясцовых курантаў (мадрыдскі аналаг — цыферблат на плошчы Puerta del Sol). Яшчэ адна завядзёнка — надзяваць у гэты дзень чырвоную ніжнюю бялізну. Лічыцца, што чырвоны прыцягвае поспех у справах і фінансавы дабрабыт.
Як і ў іншых краінах, у Італіі лічыцца, што адзначаць Новы год трэба, пазбаўляючыся ад старога. Таму нямала італьянцаў дагэтуль практыкуюць сярэднявечны звычай, 31 снежня выкідваючы з вокнаў непатрэбныя рэчы. Падарункі дзецям і дарослым прыносіць зусім не Дзед Мароз, а пажылая лэдзі — фея Бефана.
У навагоднюю ноч на радзіме Санта Клаўса — у Фінляндыі — практыкуецца варажба. У будучыню зазіраюць з дапамогай воску. Фінскага Дзеда называюць Ёўлупукі, што ў перакладзе азначае «калядны казёл». Імя зусім не крыўднае — яно ўсяго толькі тлумачыць, што дзядуля з падарункамі перасоўваецца на невялікай павозцы, у якую запрэжаны той самы казёл.
Медытацыя і халадзільнікі
На чарзе — Афрыка. У Кот-д'Івуары жывуць плямёны абіджы, якія падзяляюць гэтае свята з духамі агню, вады і лесу. Мясцовая «фішка» — калектыўная медытацыя і скокі вакол вогнішча. Кенійцы, напрыклад, святкуюць надыход Новага года каля вады: лічыцца, што купанне ў вадаёме змые ўсе старыя няўдачы і пракладзе дарогу будучым поспехам. Па такім жа прынцыпе жыхары Судана спяшаюцца да берагоў Ніла. У Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы адзначаюць свята не менш экстравагантна, чым італьянцы. У гэты час з адкрытых вокнаў у велізарнай колькасці вылятаюць... халадзільнікі. Праз гэта службы правапарадку закрываюць цэлыя кварталы.
Нарэшце свята сустракаюць на амерыканскіх кантынентах. Жыхары Андаў традыцыйна святкуюць у трохі містычным духу. У апошні тыдзень года ў буйных гарадах праходзяць кірмашы, мэта якіх зусім не пакупкі, а правядзенне разнастайных абрадаў, сустрэчы з шаманамі і варажба на будучыню. У навагоднюю ноч жыхары Рыа выходзяць да акіяна і прыносяць падарункі багіні мора Еманжы. На ўзбярэжжы ладзяцца грандыёзныя феерверкі і карнавалы.
У Калумбіі кожная сям'я майструе ляльку, якая сімвалізуе стары год. Гэта не проста мілая трапічная цацка — яе начыняюць піратэхнікай. Увечары 31 снежня традыцыйна праходзіць парад гэтых самых лялек. Пасля калумбійцы кідаюць свае небяспечныя «цацкі» на плошчу, дзе ўжо палаюць вогнішчы, і такім чынам утвараецца надзвычайны па маштабах феерверк. Такое вось эфектнае развітанне з мінулым. А ў Панаме на Новы год спальваюць пудзіла, якое сімвалізуе няўдачы, зло, пакуты і непрыемнасці.
Шар і купанне белага мядзведзя
На Кубе ўсепланетны навагодні бой гадзіннікаў карацейшы на адзін удар — замест 12 разоў куранты б'юць 11. Звязана гэта з тым, што ў гэты самы момант належыць адпачываць. Таму і для курантаў робяць патуранне — дазваляюць трохі «памаўчаць». Канадцы, як сапраўдныя суровыя паўночнікі, ладзяць так званае «купанне белага мядзведзя». Чэлендж заключаецца ў тым, каб у момант надыходу Новага года нырнуць у ледзяную ваду. У Нью-Ёрку на Таймс-сквер адбываецца традыцыйны ўрачысты спуск славутага вялізнага шара з тысячамі неонавых лямпачак. Людзі выходзяць на плошчы, а ў момант бою гадзін цалуюцца. Самыя апошнія Новы год сустракаюць жыхары дзяржавы Самоа, што ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна. Цікава, што астраўная краіна двойчы «пераходзіла» лінію перамены дат.
Такі вось сусветны маршрут Новага года, зразумела, у вельмі скарочаным варыянце. Прасачыць яго мы зможам зусім хутка — засталося ўсяго нейкіх тры дні.
Захар БУРАК
(Звязда)