Яе вуснамі гаворыць сама гісторыя. У свае 95 год астрынчанка Зінаіда Макарэвіч найбольш хоча, каб маладыя сучаснікі ведалі праўду аб тым, хто вызваліў свет ад фашызму і здабыў у 1945-м Вялікую Перамогу
Няшмат засталося на Шчучыншчыне жывых сведкаў мінулай вайны: усяго тры ветэраны Вялікай Айчыннай, 11 вязняў фашысцкіх канцлагераў ды яшчэ яны – дзеці вайны, чыя ўчэпістая памяць дакладна захавала жудасныя малюнкі шматпакутных дзён. Тым каштоўней для нас, сучаснікаў, праўдзівыя ўспаміны ўсіх гэтых людзей.
І прапанова жыхаркі гарадскога пасёлка Астрына – 95-гадовай Зінаіды Паўлаўны Макарэвіч – прыехаць да яе, каб выслухаць аповед пра перажытае, зразумець нешта надзвычай важнае і расказаць пра тое іншым, падалася нам вельмі важнай. Мы слухалі гэту мудрую жанчыну (а наведаліся цэлай дэлегацыяй – разам з супрацоўніцамі ТЦСАН) і разумелі: яе вуснамі гаворыць сама гісторыя. Уцалелая ў кругавароце вайны, Зінаіда Паўлаўна дзякуе лёсу за кожны пражыты дзень, таму што з малых гадоў усведамляла: галоўная каштоўнасць – само жыццё.
У 1939-м з вершамі сустракала чырвонаармейцаў
– Мая мама рана памерла, пакінуўшы нас, сямёра дзяцей, сіротамі, – з горыччу ўзгадвае Зінаіда Паўлаўна. – Мы жылі з татам, змалку працавалі на палетках і так марылі пра вучобу! Асабліва брат Цімафей. Ды і я, наведваючы польскую школу, дужа хацела навучыцца чытаць па-руску, прасіла старэйшага Нікадзіма, калі ён адыходзіў на сенажаць, напісаць для мяне хоць колькі літар, каб вывучыць, а назаўтра ўжо новыя засвоіць. Так неўзабаве і чытаць стала, верш на рускай мове самастойна вывучыла і вельмі хацела дэкламаваць яго з трыбуны, калі ў верасні 1939 года ў Астрыну ўвайшла Чырвоная Армія.
Чуткі пра тое, што нас ад панскага прыгнёту “саветы” вызваляць, лунала ў вёсцы даўно. Сяляне верылі, што з далучэннем заходніх беларускіх зямель да БССР жыццё будзе лепшым – людзі стануць роўнымі, зямля багацеяў пяройдзе да народа. І калі да нашай Кірпічоўшчыны даляцела вестка, маўляў, чырвонаармейцы ўжо набліжаюцца да Астрыны, мужчыны з навакольных вёсак пазбіраліся на гасцінцы – з чырвонымі сцягамі, нейкімі плакатамі. З песнямі (дакладна памятаю, як гучна выводзілі “Салавей-салавей – пташачка!”) дружна рушылі да мястэчка. Крочыла ў гэтай калоне і я, 13-гадовая дзяўчынка: на дзіва даходная была! Мне хацелася падчас мітынгу таксама ўзабрацца на тую трыбуну і прадэкламаваць верш на рускай мове. Як жа крыўдавала, што не ўдалося ажыццявіць задумку за чарадой дарослых, вельмі многім з якіх таксама карцела публічна прывітаць Чырвоную Армію і выказаць надзеі на новае шчаслівае жыццё.
Вайна перакрэсліла ўсё!
– Нядоўгай была радасць вызвалення. Памятаю, як у нашу вёску ўвайшлі першыя немцы – да зубоў узброеныя, усе высокія, дужыя. Вельмі страшна і жудасна было. Пусцілі сваіх коней па нашых агародах пасвіцца, кухню палявую паставілі. З суседніх Стаўраўцаў пародзістага быка прыгналі (“кавалера” ўсіх вясковых рагуль, што потым добрых цялятак у сялянскую гаспадарку прыводзілі) дый забілі жывёліну, на дрэва тушу падвесілі, а з’елі ўсяго пячонку. Не галодныя былі, а толькі пазабаўляцца хацелі. Гара мяса на летняй гарачыні марнавалася.
Лістоўкі немцы паўсюль раскідвалі, пахваляліся, што за пару тыдняў Маскву возьмуць, а потым і цэлым светам завалодаюць. Як жа горка было ўсё гэта слухаць. Нацярпеліся мы ў акупацыі…
На той час наш Арсеній ужо ваяваў на фронце. Ён яшчэ да вайны паехаў на заробкі ў Расію і ў 1940 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. А вось другога брата – Нікадзіма – у 1943-м немцы прымусова забралі ў Германію. Ён здолеў уцячы і далучыўся да партызан. У адплату фашысты арыштавалі нашага бацьку – Паўла Альговіча, бесчалавечна пыталі ў гродзенскай турме, каб прызнаўся, дзе сын, дзе партызаны. Тры месяцы катавалі, а потым паўжывога выкінулі на вуліцу паміраць. На дапамогу тады прыйшлі добрыя людзі.
А тут і новае выпрабаванне. Як толькі споўнілася 17, фашысты і мяне з іншымі вясковымі дзяўчатамі пагналі ў рабства на Нямеччыну. Ці баялася я тады? Хіба ўжо не: так расстрэльвалі наўкола людзей, палілі цэлыя вёскі, што, здавалася, страшней увогуле нічога не бывае.
На чужыне
– У Гродне нас, юнакоў і дзяўчат, набілі ў вагоны, бы селядцоў, што не павярнуцца, не сесці, не дыхнуць. Доўга везлі па чыгунцы ў бесчалавечных умовах. Нарэшце хлопец, што стаяў ля вакенца, убачыў чырвоныя дахі. Не нашы саламяныя стрэхі – значыць, ужо на чужыне.
Па прыездзе ўсіх накіравалі ў лазню, а потым, як рабоў, выстраілі перад бюргерамі, што прыехалі на гэты “рынак” выбраць сабе бясплатную рабочую сілу.
Я апынулася ў фальварку каля Мемеля. Як жа цяжка прыходзілася працаваць! Дзевяць кароў выдойвала ўручную, насіла цяжкія бідоны з малаком, пераганяла рагуль на новую пашу, цягала ім ваду ў поле… І так ад золку да цемені ў гаспадарчых справах – тоненькая, слабенькая, зусім дзяўчо… Як я толькі вытрымала такія нагрузкі?
Самы памятны момант, калі аднойчы ўбачыла над полем самалёт. Ды не з крыжамі на крылах, а з чырвонымі зоркамі. Якой жа агромністай радасць была! Я скакала, махала рукамі, з усяе моцы крычала: “Забяры мяне! Забяры!” Самалёт пакружыў зусім нізка і паляцеў, а я апомнілася, з асцярожнасцю агледзелася, ці ж не ўбачылі немцы маю непрыхаваную радасць?
Гэты самалёт быў прадвеснікам наступлення нашых войскаў. Праз некалькі дзён пад гул кананады гаспадары ўжо грузілі на падводы свой скарб і збіраліся наўцёкі. Але і нас, работнікаў, не адпускалі. Па той дарозе адступала і войска, а наўздагон ляцелі снарады, гарэлі машыны. Мы цудам выжылі ў тым пекле.
Калі нарэшце сустрэліся з савецкімі воінамі і адчулі сябе вольнымі людзьмі, трэба было думаць, як трапіць на Радзіму. Разам з такімі ж гаротніцамі, як сама, мы трымалі курс на Вільню. Галодныя, без цёплай вопраткі, па чыгунцы ехалі на нейкай адкрытай платформе, потым грэліся кіпнем на вакзале. Дабіраліся ў бок Гродна. Памятаю, што чатыры дні не ела. Не ведаю, адкуль сілы брала, але ў сваю Кірпічоўшчыну дарогу адолела.
“Не дасталося хлеба – нічога: бульбачкі наварым...”
– Дома чакаў тата. Трэба было неяк вяртацца да жыцця. Пасля вайны цяжка было ўсведамляць, што ніхто з братоў больш ніколі не пераступіць бацькоўскі парог. Старэйшы Арсеній прапаў без весткі. Загінуў Нікадзім. За пяць дзён да перамогі склаў галаву ў Берліне Цімафей. Вось якой цаной даўся нам мір.
Прыйшлося нацярпецца і пасля вайны. Памятаю, як у Астрыне з маленькай дачушкай на руках доўга стаяла ў чарзе па хлеб, як сціснуў мяне натоўп і пранізаў наскрозь страх за дзіця. Я ледзь выбралася, каб уратаваць маленькую. Адзін вясковец, гледзячы на мяне, сумна паспачуваў: “І табе не дасталося. Я вось з ночы заняў чаргу і ўсё адно застаўся без хлеба”. “Ды нічога, бульбачкі наварым! Бульбачка ёсць – ужо не бяда”, – падбадзёрыла я мужчыну.
Увогуле аптымізм, надзея на лепшае заўжды дапамагалі нашаму пакаленню выжыць і не страціць сілы духу. Гэта вялікі грэх – наракаць на сённяшняе жыццё. Але ж важна ўлічваць не толькі матэрыяльнае, а найперш памятаць пра духоўнае. Пра людзей, якія нас вызвалілі ад фашыстаў: і наш народ, і народы свету. Я што хачу сказаць: не амерыканцы, не хто іншы з замежнікаў, а менавіта наш савецкі салдат здабыў свету тую Вялікую Перамогу ў Другой сусветнай вайне. Гэта я гавару, як чалавек, які шмат чаго бачыў на свае вочы. Нельга сёння перайначваць тыя падзеі. Важна, каб моладзь ведала праўду аб вайне.
… Мы ўважліва слухалі Зінаіду Паўлаўну Макарэвіч. Напачатку лета ёй споўніцца 96 год, а яна ўпэўнена трымае руку на пульсе сучаснага жыцця, перажывае за будучае сваёй Беларусі, сочыць за падзеямі ў свеце і дае наказ нашчадкам зберагчы мір, захаваць гістарычную праўду аб падзеях, якія сёння хтосьці хоча папросту “зацерці”. Сацыяльнага работніка (як былому вязню паслугі ёй аказваюцца бясплатна) бабуля Зіна просіць дакладна запісаць усю хроніку ваенных падзей яе няпростага жыцця на асобны лісток. Як жа важна, каб у віры часу не згубіліся такія лісткі. І гэта ўжо на нашым з вамі сумленні.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.