Вызначыліся хуткасцю і меткасцю

 

У Навагрудку прайшоў абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

 

У спартыўным свяце прынялі ўдзел больш за 200 юных спартсменаў з розных куточкаў Гродзеншчыны, у тым ліку вучні Скрыбаўскага дз/с-СШ, Васілішкаўскай СШ і СШ №3 г. Шчучына, якіх да стартаў рыхтавалі трэнеры Савелій Пачабут, Генрых Рушніцкі і Сяргей Роўбуць.

 

Спартсмены спаборнічалі ў трох узроставых групах. У першы дзень прайшлі спрынтарскія гонкі, а ў другі – эстафеты. У залежнасці ад узросту дзяцей даўжыня дыстанцыі вар’іравалася ад 1,8 да 3 кіламетраў. Нашы біятланісты выдатна выступілі. Святлана Барысевіч заняла другое месца ў асабістым заліку ў старэйшай узроставай групе. Яе сябры па камандзе Павел Сосна, Ілона Запаснік, Маргарыта Ківер і Андрэй Швед сталі сярэбранымі прызёрамі ў сярэднім узросце ў эстафетнай гонцы. У малодшай узроставай групе Максім Блізневіч, Ягор Запаснік, Валерыя Раманава і Анастасія Габіс заваявалі бронзавыя медалі. Па выніках спаборніцтваў Святлана Барысевіч і Валерыя Раманава былі ўключаны ў склад зборнай каманды вобласці і будуць абараняць гонар Гродзеншчыны на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”, які пройдзе ў лютым у рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!