Вывучалі ўзоры народных рамёстваў, бралі майстар-клас, стваралі калядных анёлаў… Даведаліся, як прайшло пасяджэнне краязнаўчага клуба

17 лістапада ў музейным пакоі аддзела рамёстваў Шчучынскага РЦКНТ адбылося выязное пасяджэнне краязнаўчага клуба раённай бібліятэкі імя Цёткі “Любы сэрцу край”, якое прысвячалася тэме “Народныя традыцыі і рамёствы Шчучыншчыны”.

 

Супрацоўнікі аддзела Вольга Роліч і Таццяна Лебядзевіч гасцінна прынялі аматараў краязнаўства, правялі захапляючую экскурсію, пазнаёмілі з экспанатамі музейнага пакоя. Удзельнікі мерапрыемства беспамылкова пазнавалі старадаўнія рэчы, цікавіліся асаблівасцямі мужчынскіх і жаночых народных строяў шчучынцаў. Для многіх гэта была вандроўка ў дзяцінства. Дываны, куфры, шалестуны, прасы, посуд, вышыванкі, кросны – усё гэта вынік працы мясцовых умельцаў. Цікава было і тое, што, акрамя рамеснікаў, якія займаліся традыцыйнымі відамі дзейнасці, у нашым краі жылі майстры музычных інструментаў. У музычным свеце Беларусі і Літвы добра ведалі скрыпкі Уладзіміра Шышко і Іосіфа Ількевіча. А ў вёсцы Лозкі жыў Уладзіслаў Язэпчык, які мог адрамантаваць хоць “венку”, хоць “тальянку”. А мог і сам змайстраваць добры гармонік!

 

 

Неўзабаве члены краязнаўчага клуба таксама паспрабавалі свае сілы ў творчасці. Здавалася, усіх не на жарт захапіў майстар-клас, які правялі нашы рамеснікі. Нечакана аднекуль з вытокаў душы ціхенька загучала песня. Зусім як некалі…  

 

 

Пасля гэтай незвычайнай і багатай на ўражанні сустрэчы ўсе адправіліся дадому з калядным анёлам, змайстраваным сваімі рукамі, і з надзеяй на тое, што Ражство Хрыстова і Новы год прынясуць здзяйсненне самых запаветных жаданняў.

 

Тамара МЕНСКАЯ, бібліятэкар аддзела абслугоўвання Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!