Вытокі творчасці Наталлі Цвірко. Даведаліся, што звязвае скрыбаўскую паэтку з Соф’яй Гальшанскай, Канстанцінам Сіманавым і фэстам “Берагі дружбы”

 

Педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Цвірко, што выкладае беларускую мову і літаратуру ў Скрыбаўскім дз/с-СШ, – чалавек сціплы. І, мабыць, мала хто з яе акружэння сёння ведае, што нядаўна жанчына была ўзнагароджана медалём Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў “Ганароваму настаўніку творчай моладзі”. Гэта добрая навіна “даляцела” да “Дзянніцы” дзякуючы тэлефоннаму званку сябра Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Дзмітрыя Радзівончыка. З такой нагоды было прыемна павіншаваць Наталлю Лявонаўну, бліжэй пазнаёміцца з ёй і шчыра пагутарыць. Вось што мы пачулі:

 

– З міжнароднай супольнасцю літаратараў супрацоўнічаю даўно. Некалькі год запар удзельнічала ў міжнародным маладзёжным конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”, а летась мяне запрасілі на фестываль ужо ў якасці эксперта і настаўніка. Працавалася плённа, і ў выніку – гэта ўзнагарода.

 

– Вас, Наталля, як паэта добра ведаюць нашы чытачы, якія сочаць за выхадам “Літаратурнай скарбонкі”. А вось роля перакладчыка – нешта кардынальна новае…

 

– Насамрэч я даўно спрабую сябе і на гэтай сцяжыне. Так, у 2018 годзе заняла першае месца за пераклад на беларускую мову верша Канстанціна Сіманава “Дом сяброў”, у 2019-м таксама была ў ліку пераможцаў конкурсу, што ладзіцца ў рамках міжнародных “Сіманаўскіх чытанняў” у горадзе Магілёве. Увогуле гэта значная культурная падзея, прысвечаная памяці пісьменніка і журналіста Канстанціна Сіманава, закранае не толькі Беларусь, але і ўсю саюзную дзяржаву. На такой сур’ёзнай літаратурнай пляцоўцы збіраюцца пісьменнікі, паэты, публіцысты з Масквы, Смаленска, Бранска, Мінска, Брэста, Віцебска… Утвараецца месца для цікавых дыскусій і майстар-класаў, могуць паступіць запрашэнні для ўдзелу ў творчых праектах, што вельмі важна для пачаткоўцаў. Мне падабаецца супрацоўнічаць не толькі з беларускімі, але і з расійскімі выданнямі.

 

– У якіх зборніках можна прачытаць Вашы вершы?

 

– “Крылы забытых мар” – так называецца кніга маіх паэтычных твораў. Многа вершаў змешчана і ў калектыўных беларускіх і расійскіх зборніках – “Пяшчота верасу”, “Поэзия – души движенье”, “Наследники Великой Победы” і інш. Друкуюся ў рэспубліканскіх часопісах “Нёман”, “Маладосць”, “Беларуская мова і літаратура”, газеце “Літаратура і мастацтва”, заўжды рада бачыць свае вершы на старонках нашай роднай “Дзянніцы”. Прызнаюся, вельмі люблю пісаць для дзяцей, мабыць, таму, што і сама выхоўваю сына. Ахвотна супрацоўнічаю з часопісамі “Вясёлка” і “Бярозка”.

 

– А як Вы прыйшлі ў паэзію і ў сваю прафесію?

 

– Вершы пачала пісаць яшчэ ў школьныя гады, але нікому іх не паказвала. Менавіта любоў да літаратуры падказала прафесійны шлях: паступіла вучыцца ў наш Купалаўскі ўніверсітэт на факультэт філалогіі. Там жа на практычных занятках па асновах вершаскладання выявілася, што мне з лёгкасцю даюцца ўсе заданні. Гэта заўважыў выкладчык Мікола Мікуліч. З яго падачы і падтрымкі я стала актыўней пісаць, а ў хуткім часе далучылася да літаратурнага аб’яднання “Наднёманскія галасы”. У 2000-м упершыню апублікавала свае вершы, і вось ужо член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 

– Ваша паэзія настолькі мілагучная, што лёгка кладзецца на музыку…

 

– Мне вельмі прыемна, што ў вядомы мюзікл “Соф’я Гальшанская”, пастаўлены на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ў Мінску, увайшла песня “Гордая птушка”, напісаная на мае словы. У далейшых творчых планах – супрацоўніцтва з беларускімі кампазітарамі.

 

– Наталля, ці толькі паэзія Вас прыцягвае?

 

– У мяне ёсць празаічны твор “Тры святочныя дні”, а зараз я пішу фантастычнае апавяданне з вельмі хвалюючым душу сюжэтам – “Паспець дакрануцца”, якое маю намер прапанаваць на конкурс, аб’яўлены Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Увогуле ўвесь час над чымсьці працую, бо без творчых ідэй жыць нецікава. Ужо трэба рыхтавацца да чарговага фестывалю-конкурсу “Берагі дружбы”: атрыманая ўзнагарода да многага абавязвае.

 

– Зыходзячы з назвы медаля, Вы – ганаровы настаўнік творчай моладзі. Як гэты статус атрымліваецца рэалізоўваць у сценах роднай навучальнай установы?

 

– Скрыбаўская школа сапраўды для мяне родная, бо яна дала і творчы старт, і пуцёўку ў жыццё. Безумоўна, вельмі хочацца стаць для сваіх вучняў не проста добрым выкладчыкам-прадметнікам, а настаўнікам у жыцці. Імкнуся ў кожным вучні адкрыць творчую асобу, развіваць дараванні, закладзеныя Богам. Памятаеце, як у адным вядомым выслоўі: у кожным дзіцяці сонца – толькі дайце яму свяціць! Стараюся, каб рабятам было цікава і на маіх ўроках, і на занятках факультатыву па беларускай мове і літаратуры. Безумоўна, дапамагаю тым, хто спрабуе пісаць вершы. Шчыра радуюць і першыя ўдалыя рыфмы сына Ромы, з якім мы аднадумцы і вялікія сябры.

 

А вось тое, што ў школе – такой вялікай і гаманлівай у часы майго дзяцінства – зараз зусім мала вучняў, што пусцее беларуская вёска, нагадваючы мне прыгожую, але нікому не патрэбную грушу-дзічку, – гэта мяне вельмі засмучае. Нам усім трэба тэрмінова нешта рабіць, каб захаваць нашы вёсачкі, захаваць родную мову і духоўную спадчыну продкаў. Найперш – ствараць умовы для цікавага жыцця сельскай моладзі, прапаноўваць рабочыя месцы. Іначай мы страцім нешта вельмі важнае.

 

– Наталля Лявонаўна, Вы самі працавалі ў Мінску, у школах Гродзеншчыны, але ўсё ж вярнуліся ў свае Скрыбаўцы. Не шкадуеце?

 

– Дзе б я ні жыла, мне заўсёды хацелася дамоў. Менавіта тут мне найбольш натхнёна пішуцца вершы. А дзякуючы сучасным тэхналогіям і камунікацыям я штодзень магу мець стасункі з кім заўгодна, удзельнічаць у міжнародных конкурсах, мець сяброў і аднадумцаў ва ўсім свеце. Ва мне “прымірыліся” вёска і горад, і гэта пачуццё мне падабаецца, я хачу яго развіваць….

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!