Выслухаць і пачуць людзей лічыць важным для сябе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчычынскай выбарчай акрузе №60 сёмага склікання Павел Рышардавіч Міхалюк

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 сёмага склікання Павел Рышардавіч Міхалюк зацікаўлены ў падтрыманні пастаяннай зваротнай сувязі са сваімі выбаршчыкамі. Рабоце ў акрузе ён надае не меншае значэнне, чым заканатворчай дзейнасці ў парламенце. На думку Паўла Рышардавіча, найбольшы эфект прыносяць сустрэчы і “прамыя лініі”.

 

Вось і ў чацвер П.Р. Міхалюк правёў пяць тэлефонных дыялогаў з жыхарамі Шчучынскага раёна і адзін – з вяскоўцам-мастаўчанінам.

 

У прыватнасці, на “прамую лінію” звярнулася жыхарка Тапілішак – з просьбай пасадзейнічаць у атрыманні сацыяльнага жылля. Маладая жанчына ў статусе сіраты, цяпер жыве на здымнай кватэры. Даверлівую размову з ёй павялі і Павел Рышардавіч Міхалюк, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, якая ведае пра жыццёвую сітуацыю заяўніцы. Разам абмеркавалі варыянты вырашэння пытання.

 

Патэлефанаваў і жыхар Кіралёў, каб нагадаць, што яго землякі спадзяюцца на станоўчае вырашэнне іх просьбы аб абуладкаванні пешаходнага пераходу на аўтадарозе М6 насупраць вёскі. П.Р. Міхалюк патлумачыў, што ранейшы зварот вяскоўцаў ён не пакінуў без увагі: абмяркоўваў пытанне са спецыялістамі РУП “Гроднааўтадар” і профільнага міністэрства. Яны абгрунтавалі, чаму зрабіць гэта немагчыма. Тым не менш дэпутат паабяцаў яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання.

 

Шэраг пытанняў абмеркавала з народным абраннікам і жанчына, якая жыве ў мікрараёне Навасёлкі. У прыватнасці, аб будаўніцтве водаправода і каналізацыі. А жыхарка Тапілішак папрасіла аднавіць адзін з ранішніх рэйсаў аўтобуса на маршруце ад іх аграгарадка да Рэзаў. На “прамую лінію” звярнулася і гараджанка, якая выказала прапанову аб абуладкаванні веладарожак ля СШ №3 і былога палаца Друцкіх-Любецкіх.

 

 

– З-за эпідсітуацыі часова давялося мець зносіны з насельніцтвам дыстанцыйна. Але гэты фармат работы ўжо ў мінулым: прамыя кантакты з людзьмі аднавіліся, – адзначыў П.Р. Міхалюк напрыканцы “прамой лініі”. – Адбыліся сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў Шчучынскага, Орлеўскага і Мажэйкаўскага сельсаветаў. Уважліва выслухаў сваіх выбаршчыкаў, пачуў іх прапановы, разам мы абмеркавалі пытанні жыццезабеспячэння, пагаварылі пра выбарчую кампанію. Задаволены, што знайшлі ўзаемаразуменне. Работа ў акрузе будзе мець працяг.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!