Вярнуліся з Мінска з прызамі. Юныя гандбалісты са Шчучына занялі другое месца на міжнародным турніры

Зусім нядаўна ў Мінску скончыўся Рэспубліканскі турнір па гандболе, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны, сярод юнакоў 2010-11 гадоў нараджэння. Удзел у спаборніцтвах бралі дзесяць каманд, сярод якіх была і шчучынская дружына. Нашы землякі паказалі годную гульню і вярнуліся з Мінска ў статусе прызёраў.

 

Акрамя гандбольных каманд з Мінска, Гродна, Гомеля і Магілёва канкурэнцыю нашым хлопцам складалі расіяне з Масквы і Санкт-Пецярбурга.

 

Напрацягу чатырох дзён каманды выяўлялі мацнейшага, за гэты час шчучынскія юнакі паспелі згуляць шмат матчаў. Так, у першы дзень яны ўпэўнена перамаглі мінскі “СКА-2” з лікам 23:17, а таксама адну з каманд Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па гандболе з лікам 49:21.

 

У другі турнірны дзень наша каманда перамагла сапернікаў з Магілёва (25:19). У перадапошні дзень спаборніцтваў пераможную серыю шчучынскіх хлопцаў змаглі перарваць масквічы з лікам 18:22, аднак перамога ў наступным матчы з Гродна (28:20) дазволіла “Шчучыну” выйсці ў фінал.

 

У матчы за золата турніру нашы землякі сустрэліся з моцнай мінскай камандай “СКА-1”, якой, на жаль, саступілі.

 

 

Па выніках спаборніцтваў прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: бронзу ўзяла каманда з Гродна, другое месца занялі шчучынцы, а перамогу ў міжнародным турніры меў “СКА-1” з Мінска.

 

Варта адзначыць, што шчучынцы пад кіраўніцтвам трэнера Германа Байчарова былі адзінай камандай з райцэнтра на турніры, але ўсё ж змаглі годна прадставіць раён. Таму віншуем каманду з другім месцам і жадаем перамог у наступных спаборніцтвах!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота з архіва Германа Байчарова.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!