Вучыць бяспецы ўласным прыкладам - у раёне праводзілася рэспубліканская прафілактычная акцыя ДАІ

З 27 сакавіка па 5 красавіка ў нашым раёне праводзілася рэспубліканская прафілактычная акцыя “Будзь прыкладам свайму дзіцяці!” 
– Яе галоўная мэта – папярэдзіць дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам дзяцей, – расказвае старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Руслан Паўлавіч Маркевіч. – Траўмы хлопчыкі і дзяўчынкі ў пераважнай большасці атрымліваюць з-за няправільных паводзін дарослых, у першую чаргу вадзіцеляў транспартных сродкаў.
Наколькі на дарогах нашага горада паважаюць юных удзельнікаў дарожнага руху? Каб даведацца пра гэта, мы накіраваліся ў рэйд разам з інспектарам дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Андрэем Валяр’янавічам Ладышам. 
Час быў ранішні, дзеці якраз ішлі ў школу. Што парадавала – маленькіх пешаходаў мамы і таты пераводзілі праз пешаходны пераход, трымаючы за ручку. 
– Канечне, каб трапіць у гімназію, мы маглі перайсці дарогу адразу насупраць свайго дома, – гаворыць мама Вольга, якая вяла на заняткі сына – першакласніка Арцёма. – Але мы заўсёды ідзём на пешаходны пераход, каб Арцём ведаў, як трэба правільна пераходзіць праезджую частку дарогі, а перад гэтым абавязкова пераканацца ў бяспецы. 

Трэба адзначыць, што і бацькі-вадзіцелі клапоцяцца пра сваіх сыноў і дачушак. Ва ўсіх аўтамабілях, якія спыняў інспектар ДПС, дзеці ехалі ў спецыяльных крэслах.
– Перавожу дзяцей у аўтамабілі, толькі выконваючы ўсе патрабаванні правілаў дарожнага руху, – запэўнівае тата Дзяніс, сын якога Кірыл ехаў спераду ў спецыяльным утрымліваючым прыстасаванні прышпіленым. – Заўсёды стараюся тлумачыць сыну, як правільна пераходзіць дарогу, расказваю, наколькі небяспечна гуляць на праезджай частцы і як важна быць вельмі ўважлівым і не выбягаць з-за прыпаркаванага транспарту.
Маладая жанчына Настасся ехала разам са сваімі дачушкамі – трохгадовай Машай і пяцігадовай Міленай. Дзяўчынкі знаходзіліся ў аўтамабілі ў поўнай бяспецы, і мама была за іх спакойна.
А вось за школьнікаў, якія самастойна дабіраюцца да сваіх устаноў адукацыі, абсалютна не хвалявацца не атрымліваецца. Многія з іх прыязджаюць на заняткі на веласіпедах, прычым перасякаюць пешаходныя пераходы на поўнай хуткасці руху, нават не спешваючыся. А дзе гарантыя, што вадзіцель, адразу не заўважыўшы такога веласіпедыста, зможа імгненна адрэагаваць і спыніцца? Дзеці зусім не думаюць пра гэта. Напэўна, бацькам і педагогам варта яшчэ раз завастрыць на гэтым увагу, нагадаць ім патрабаванні правілаў дарожнага руху. 
Незразумелай здаецца пазіцыя і некаторых вадзіцеляў, якія не лічаць патрэбным спыніцца перад пешаходным пераходам нават у той момант, калі дарогу пераходзяць мама з дзіцём. І гэта ў мікрараёне дзвюх навучальных устаноў, дзе раніцай на заняткі спяшаецца вялікая колькасць дзяцей. Як ехаў, так і паехаў… А штраф атрымаў за парушэнне.
– Толькі за два месяцы гэтага года на дарогах рэспублікі дзеці сталі ўдзельнікамі 44 дарожна-транспартных здарэнняў, – гаворыць начальнік АДАІ Шчучынскага РАУС Уладзімір Іванавіч Хільмончык. – З іх трое загінулі і 46 атрымалі раненні. 
Паважаныя дарослыя, не парушайце правілы дарожнага руху, будзьце прыкладам не толькі для сваіх, але і чужых дзяцей. Што можа быць важней, калі не іх жыццё і здароўе?!
Ганна РУДСКАЯ. 
Фота аўтара.