Вучні Ляшчанскай і Дэмбраўскай школ, дзякуючы старшыні ААТ “Дэмбрава” Александру Туля і яго калектыву адправіліся з экскурсіяй ў сталіцу

Насычаны і разнастайны дзень чакаў вучняў Ляшчанскай і Дэмбраўскай школ, дзякуючы старшыні ААТ “Дэмбрава” Александру Туля і яго калектыву: ад пагружэння ў гераічнае мінулае да радасных сустрэч з марскімі жывёламі і вясёлых забаў у казачнай краіне “Малібур”.
Кожны год гаспадарка дорыць паездку па мясцінах роднай Беларусі і гэты год не стаў выключэннем.
21 жніўня першым пунктам маршруту стала наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыі музея дазволілі наведвальнікам дакрануцца да трагічных падзей і гераічных подзвігаў беларускага народа ў гады вайны. Асаблівую цікавасць выклікалі экспанаты, звязаныя з лёсам звычайных людзей, якія прайшлі праз пекла вайны.

Пасля пагружэння ў гісторыю група накіравалася ў мінскі дэльфінарый "Немо". Тут наведвальнікі з захапленнем назіралі за выступленнем дэльфінаў і марскіх коцікаў, якія дэманстравалі свае таленты і выклікалі шчырыя ўсмешкі ў дзяцей і дарослых.

Завяршыўся дзень у казачнай краіне "Малібур", дзе ўсе жадаючыя змаглі адчуць сябе ў краіне казачных жыхароў і атрымаць зарад пазітыўных эмоцый.
Такі разнапланавы маршрут дазволіў усім удзельнікам дня ўзбагаціцца духоўна, даведацца шмат новага і проста добра адпачыць.
Жанна Хільмончык, намеснік дырэктара.
Фота аўтара.
