Вопыт работы Шчучынскага дома-інтэрната варты пераймання. Паглядзіце, як на яго базе праходзіў абласны семінар-нарада

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Лявонцьевіч Пацэвіч, адкрываючы сёння семінар-нараду па тэме забеспячэння пажарнай і санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, акцэнтаваў увагу на рабочай накіраванасці гэтага мерапрыемства.

 -- Мне б хацелася, каб вы, аглядаючы карпусы і тэрыторыю Шчучынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, узялі на ўзбраенне ўсе карысныя напрацоўкі, гаспадарскі падыход і творчыя ідэі, якія тут паспяхова рэалізуе калектыў на чале з дырэктарам Іванам Іванавічам Каранкевічам, -- звярнуўся С.Л. Пацэвіч да прысутных у зале начальнікаў упраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гар- і райвыканкамаў, дырэктараў дамоў-інтэрнатаў і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, загадчыкаў аддзяленняў, дзе пражываюць грамадзяне сталага веку і інваліды. Усяго ў гэтай нарадзе на актуальную тэму прынялі ўдзел 65 чалавек.

Госці з цікавасцю пазнаёміліся з інфраструктурай і ўмовамі жыцця насельнікаў Шчучынскага дома-інтэрната, якіх тут на сённяшні дзень 276. Хоць будынак узведзены па тыповым праекце 50 год таму, аднак уражвае сучасным абліччам і з густам аформленымі інтэр’ерамі. Усе 9 аддзяленняў адрамантаваны сваімі сіламі – гаспадарчым спосабам, у пакоях жыльцоў па-хатняму ўтульна і прыгожа.

 – У нас, як у санаторыі, -- жартуюць пастаяльцы.

Бадай, самае галоўнае, што тут сур’ёзна адносяцца да пытанняў бяспекі. У 2018 годзе цалкам замянілі на новую сістэму пажарнай сігналізацыі, паўсюдна ўстанавілі дыманепранікальныя дзверы, адноўлены лесвіцы на эвакуацыйных выхадах, развешаны прыборы АПІ і г.д.

Загадчык медыцынскага аддзялення С.Г. Амбрушкевіч расказаў і паказаў, якія ўмовы створаны для якаснага медыцынскага абслугоўвання насельнікаў дома-інтэрната. У штаце – два ўрачы і 21 медсястра, 60 санітараў, аднак сярод пацыентаў 40 нямоглых.

 Пасля гэтай дзелавой “экскурсіі” С.Л. Пацэвіч даў высокую ацэнку праведзенай тут рабоце і выказаў падзяку кіраўніку і калектыву дома-інтэрната. Пленарная частка семінара-нарады тычылася тых патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да службовых асоб, каб забяспечыць бяспеку пражывання людзей у нашых сацыяльных установах. Дарэчы, сёння ў Гродзенскай вобласці 15 дамоў-інтэрнатаў.

Перад удзельнікамі семінара выступілі намеснік начальніка аддзела нагляду і прафілактыкі ўпраўлення МНС А.П. Курдупель, начальнік Шчучынскага вытворчага ўчастка абласнога камбіната супрацьпажарных работ А.Ф. Багамазаў, загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Гродзенскага ЦГіЭ А.У. Філіпчук і іншыя.

У рабоце семінара-нарады прыняла ўдзел намеснік старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Алена Васільеўна Пасюта.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!