Віншаванне галоўнага рэдактара "Дзянніцы" Сяргея Касперчука з прафесійным святам

 

Ёсць у чарадзе прыгожых майскіх урачыстасцей асаблівы дзень – Дзень друку, наша прафесійнае свята, якое адзначаецца 5 мая. Друкаванае слова было і застаецца магутнай зброяй, мае вялікую сілу і не страчвае сваёй значнасці. Таму так важна, каб гэта слова было аб’ектыўным, дакладным, шчырым.

 

Амаль 87 гадоў раёнка для большасці жыхароў Шчучыншчыны застаецца самай запатрабаванай газетай, нясе свежыя навіны, з’яўляецца надзейнай крыніцай інфармацыі аб усім, што адбываецца ў раёне і краіне. Допісы нашых карэспандэнтаў, аздобленыя фотаілюстрацыямі, становяцца своеасаблівым летапісам роднага краю, расказам пра слынных людзей рэгіёна, фарміруюць пазітыўны імідж раёна ўвогуле.

 

Вельмі радуе, што чытачы падтрымліваюць з намі пастаянную сувязь, падказваюць тэмы для публікацый, падымаюць вострыя і надзённыя пытанні. Як вынік – газета становіцца яркай, насычанай і цікавай – для кагосьці сябрам, камусьці дарадцам, а камусьці і лепшым памочнікам.

 

У цяперашні час функцыянаванне раённай газеты немагчыма без электроннай версіі, што значна пашырае кола сваіх чытачоў не толькі ў пэўным рэгіёне, краіне, але і ва ўсім свеце. Ужо больш за пятнаццаць гадоў мае сваю электронную версію і наша газета “Дзянніца”. За суткі ў сярэднім наш сайт наведваюць больш за 7 тысяч чалавек. Мы працуем над тым, каб інтарэс да нашага выдання не слабеў, а наадварот – павялічваўся.
Няхай і далей развіваецца і не здае перадавых пазіцый наша газета “Дзянніца”. Поспехаў вам, дарагія сябры! Шчыры дзякуй – работнікам паштовай сувязі і ідэалагічнаму актыву. Вялікая ўдзячнасць пазаштатным аўтарам, якія не губляюць сувязі з “раёнкай”, іншым жыхарам раёна, хто тэлефануе нам, піша ў рэдакцыю аб тым, што закранула душу і сэрца.

 

Са святам усіх вас, шаноўныя работнікі рэдакцыі, дзелавыя партнёры, нашы ветэраны, чытачы! Шчыра жадаю міру, згоды і ўзаемаразумення, радасных падзей, аптымізму, асабістага шчасця і цудоўнага вясновага настрою. Няхай спраўджваюцца вашы запаветныя мары і жаданні!

 

Галоўны рэдактар Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!