В.І. Казяк: "Я хаджу па шчучынскай зямлі з горда ўзнятай галавой"

Гэтыя словы-прызнанне прагучалі з вуснаў Вінцэнты Іванавіча Казяка сёння, у знакавы для яго дзень – 75-годдзе з дня нараджэння. Такім надзвычай адкрытым і шчырым гэты чалавек быў у прысутнасці гасцей – старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргея Васільевіча Ложэчніка, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Станіславаўны Хвядзюк і старшыні раённага аб'яднання прафсаюзаў Юрыя Тадэвушавіча Пашука, якія прыйшлі павіншаваць юбіляра.

Малая радзіма Вінцэнты Іванавіча Казяка на Смаргоншчыне. Але ён ужо даўно наш, шчучынскі. Да таго ж і па афіцыйным статусе, і па сутнасці – па сваёй значнай ролі ў жыцці райцэнтра, як і ўсяго раёна, – Ганаровы грамадзянін горада. А гэтаму грамадскаму прызнанню папярэднічалі гады вялікай, напружанай і самаадданай працы. Васямнаццаць год В.І. Казяк быў першай асобай у раёне. Так, у далёкім ужо 1982 годзе шчучынцы аказалі яму давер і абралі першым сакратаром райкама партыі, з 1992-га ён ужо старшыня выканкама райсавета дэпутатаў, з 1995-га – кіраўнік райвыканкама... Ініцыятыўны ўпраўленец з першага дня з галавой акунуўся ў работу, аб'яднаў вакол сябе аднадумцаў, з якімі будаваў планы і ўвасабляў іх у жыццё. Пры ім актыўна ўзводзіліся вытворчыя і сацыяльныя будынкі, зацвярджаўся генеральны план рэканструкцыі райцэнтра, набывалі новы від фермы і майстэрні, гараджане і вяскоўцы спраўлялі наваселлі... Кіраўнік раёна дапамагаў вырашаць людскія праблемы. Дарэчы, сёння многія з удзячных шчучынцаў сказалі В.І. Казяку за гэта дзякуй.

Добрае помніцца, застаецца ў гісторыі. "У Вашым лёсе перапляліся розныя эпохі", – заўважыў, віншуючы юбіляра, старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. Сённяшні, насычаны стваральнымі буднямі і падзеямі дзень нашага раёна трымаецца ў тым ліку і на тым фундаменце, які некалі, у бытнасць сваю кіраўніком, заклаў Вінцэнты Іванавіч Казяк, падкрэсліў Сяргей Васільевіч. Старшыня райвыканкама падзякаваў юбіляру за актыўную жыццёвую пазіцыю, увагу да жыцця рэгіёна, разуменне і падтрымку ініцыятыў. "У свой час Вы не раз праяўлялі мудрасць і мне яе прывілі", – быў шчыры кіраўнік раёна. Ён уручыў юбіляру Ганаровую грамату.

Дарэчы, В.І. Казяк некалі падтрымаў прафесійнае станаўленне і Ганны Станіславаўны Хвядзюк, і Юрыя Тадэвушавіча Пашука. Госці сардэчна падзякавалі за гэта. "Я лічыла за гонар працаваць побач з такім кіраўніком", – сказала Ганна Станіславаўна.

Былі ў біяграфіі і службовай кар'еры Вінцэнты Іванавіча і іншыя высокія прыступкі. У 1990 годзе паважаны і дастойны чалавек быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. Тры з палавінай гады працаваў памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўным інспектарам па Гродзенскай вобласці, а потым прадстаўляў Шчучыншчыну ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. За шматгадовую плённую працу мае два ордэны, медалі і іншыя высокія ўзнагароды.

Завяршыўшы сваю службовую кар'еру на высокіх пасадах, В.І. Казяк прыняў рашэнне застацца ў Шчучыне – гарадку, з якім парадніўся душой, сярод людзей, якія і сёння памятаюць яго добрыя справы, прыязна вітаюцца пры сустрэчы.  "Людзі тут цудоўныя!" – перакананы Вінцэнты Іванавіч. Пагаджаецца з ім і верная спадарожніца жыцця (разам ужо звыш паўвека) Ганна Сафронаўна. У тым, што кар'ера мужа складвалася паспяхова, што "мякчэлі" напружаныя рабочыя будні, і яе неацэнны ўклад. Цяпер яны клапатліва ставяцца адзін да аднаго, ганарацца поспехамі сына Яўгена, які працуе ў прававым упраўленні Выканкама СНД, радуюцца прыезду ўнучак.

 Прырода і тая паднесла юбіляру падарунак – заліла сонцам яго дом па вуліцы Леніна, які стараннямі руплівых жыльцоў дагледжаны як след і проста патанае ў кветках. Жывіце доўга, шаноўныя гаспадары!

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!