Ветэраны Шчучыншчыны правялі справаздачна-выбарную канферэнцыю і ў чарговы раз абралі свайго лідара
Ветэраны Шчучыншчыны правялі 10-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю. Прычым дэлегаты з раёна ўдзел прымалі дыстанцыйна, а гараджане сабраліся ў актавай зале райвыканкама. Старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Сяргеевіч Жукоўскі трымаў справаздачу аб рабоце арганізацыі на працягу апошніх пяці гадоў.
Перш-наперш ён адзначыў вялікі ўклад у развіццё ветэранскага руху на Шчучыншчыне свайго папярэдніка – Эдмунда Станіслававіча Дзікевіча, які зараз з’яўляецца ганаровым старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, ваенны камісар Шчучынскага раёна Уладзімір Чайко, першы сакратар райкама БРСМ Алена Пратасевіч.
– Заўжды ў прыярытэце быў для нас клопат аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, але за справаздачнае пяцігоддзе, на вялікі жаль, арганізацыя паменшылася на 28 былых удзельнікаў вайны. Усе яны былі вельмі дастойнымі людзьмі, палымянымі патрыётамі сваёй Радзімы і служылі прыкладам для маладога пакалення, – канстатаваў В.С. Жукоўскі і прапанаваў ушанаваць іх памяць хвілінай маўчання. – Сёння ў нашых радах засталося ўсяго чатыры ветэраны вайны, і яны акружаны ўвагай і клопатам. А ў юбілейны год 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай плануецца яшчэ больш узмацніць нашу работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, захаванні гістарычнай памяці, утрыманні ў належным стане помнікаў і абеліскаў у гонар загінуўшых герояў і ахвяр фашызму.
У дакладзе быў адзначаны вялікі ўклад у развіццё рэгіёна людзей старэйшага пакалення, дарэчы, больш за 2200 пенсіянераў раёна і сёння паспяхова працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах, з’яўляюцца выдатнымі прафесіяналамі і настаўнікамі моладзі.
Падкрэслівалася, што ўсе пытанні ў ветэранскай арганізацыі вырашаюцца калегіяльна. За справаздачны перыяд было праведзена 20 пленарных пасяджэнняў і 63 пасяджэнні прэзідыума. Дапамога адзінокім і састарэлым – вельмі важная частка работы ветэранскай арганізацыі, якая цесна супрацоўнічае з прадпрыемствамі і гаспадаркамі, дзе былым работнікам апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі, пры неабходнасці выдзяляюць бульбу і г.д. Прыкладам у гэтым плане з’яўляюцца пярвічныя ветэранскія арганізацыі ААТ “Васілішкі” і “Шчучынаграпрадукт”, СВУ “Пратасаўшчына”, “Жалудоцкага агракомплексу”, саўгаса “Вялікае Мажэйкава”, Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір”, занальнага інстытута раслінаводства і іншыя.
Згуртаваць і павесці за сабой людзей сталага веку, зрабіць іх вольны час цікавым дапамагаюць шматлікія аматарскія аб’яднанні пры ТЦСАН, цэнтры і Дамах культуры, знакаміты клуб “Лад”, хор ветэранаў, які рэгулярна выязджае з канцэртамі ў сацыяльныя ўстановы раёна. Увогуле нашы ветэраны многа падарожнічаюць. Для іх ладзіліся экскурсіі на Лінію Сталіна, у музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінск, у Нясвіжскі і Ружанскі замкі, у музей халоднай вайны, што ў Руткевічах, у партызанскую зямлянку ў Зачэпічы, у турыстычны комплекс “Каменскае” і іншыя мясціны. Гэта традыцыя будзе доўжыцца і далей.
Сваімі думкамі і прапановамі на канферэнцыі падзяліліся актывісты арганізацыі М.І. Майко, В.М. Анашкін, Э.С. Дзікевіч, Т.М. Кулакова, Г.А. Бялко, Т.К. Ганчарук і іншыя. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк запэўніла, што раённая ўлада заўжды будзе падтрымліваць ініцыятыву нераўнадушных людзей, за плячамі якіх такі багаты жыццёвы вопыт. Удзельнікі канферэнцыі вылучылі ў састаў рабочых органаў сваёй арганізацыі самых ініцыятыўных і незаспакоеных, а старшынёй раённага савета ветэранаў зноў абралі Васілія Сяргеевіча Жукоўскага, станоўча адзначыўшы яго работу.
Чатыры дэлегаты будуць прадстаўляць нашу Шчучыншчыну на ІХ Гродзенскай абласной канферэнцыі грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.