Варанкі – вёска працавітых людзей
Старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Жогла ніяк не мог вызначыцца з выбарам і вырашыць, у якую вёску нам накіравацца. У адной жывуць людзі маладыя, у другой – майстравыя, у трэцяй – доўгажыхары…
– А ў якой засталося найменш вяскоўцаў? – цікаўлюся я.
Міхаіл Міхайлавіч пералічвае назвы і спыняецца на вёсцы Варанкі. Указальнік на дарозе прыходзілася бачыць не раз, а вось бываць у гэтай вёсцы – ніколі. Можа таму, што знаходзіцца яна ўбаку ад дарогі. Ну што ж, сказана – зроблена: едзем у Варанкі!
Думаю, што нават ранняй вясной, ужо не кажучы пра лета ў разгары, тут вельмі прыгожа і дыхаецца лёгка. Усюды – такая прастора! Праязджаем па вясковай вуліцы і спыняемся каля акуратнага, дагледжанага доміка.
– Ніна Мікалаеўна павінна быць дома, – гаворыць Міхаіл Міхайлавіч і стукае ў дзверы.
Вайна пакінула свой след…
– Калісьці наша вёсачка, у якой і я нарадзілася, была вялікай, шумнай і вясёлай, – расказвае адна са старэйшых жыхарак в.Варанкі Ніна Мікалаеўна Кахновіч. – У кожнай хаце па пяцёра-сямёра дзяцей выхоўвалася. А цяпер у Варанках толькі дзевяць чалавек жыве. Многія хаты ўжо пустыя, а чые і разбурацца пачалі ад часу. У маю маладосць хлопцы і дзяўчаты часта збіраліся разам, нават у нашай хаце, танцавалі да раніцы, гульні ладзілі, весяліліся. Жыла вёска. За польскім часам я толькі адзін год вучылася ў школе, пры савецкай уладзе – яшчэ год і зноў у першым класе.
Найцяжэй ў вайну прыйшлося. У гэтых мясцінах стаяў атрад карнікаў. Немцы людзей у пастаянным страху трымалі. Помню, як мясцовы солтыс падаў немцам спіс з шасці чалавек, якія быццам бы былі камуністамі. Траіх яны расстралялі, сярод іх быў і дваццацітрохгадовы мужчына, у якога было маленькае дзіця, а астатніх не знайшлі – наш бацька і яшчэ двое вяскоўцаў пайшлі ў партызаны. Цяжкі лёс напаткаў і майго чатырнаццацігадовага брата Мікалая, якога вывезлі ў Германію таксама па падказцы таго ж солтыса. Толькі нядоўга прыйшлося гэтаму здрадніку жыць на белым свеце: яго забіў партызан, усю сям’ю якога немцы расстралялі па наводцы подлага паліцая. Брат так і не вярнуўся дамоў. Мы толькі атрымалі паведамленне, у якім было напісана, што ён загінуў на Эльбе.
…Ніна Мікалаеўна нарадзіла шасцярых дзяцей і дваццаць два гады працавала на ферме – даіла кароў. За цяжкай работай – а дабірацца да фермы трэба было больш за два кіламетры ў адзін бок, а потым столькі ж назад тры разы на дзень – самой расціць дзяцей у яе не было магчымасці, яны гадавалі адзін аднаго, крыху дапамагала свякроў. Дзеці выраслі, пачаў хварэць муж, а потым пайшоў з жыцця. Цяпер і ў Ніны Мікалаеўны ўжо здароўя няма: слабее зрок і слых ужо не той.
Дзве дачкі Ніны Мікалаеўны жывуць у Смаргоні, а дзве – у Гродне. Яны ўжо на пенсіі. Тыя, што бліжэй, кожны тыдзень праведваюць матулю, а вясною і гарод садзяць, самі даглядаюць. Цяпер ужо Ніне Мікалаеўне цяжка што-небудзь рабіць, а раней яна была майстрыхай адмысловай: і шыла, і вышывала, і ткала.
– Шыла дзецям, часам і чужым людзям, – расказвае Ніна Мікалаеўна. – А колькі дываноў выткала! І пірагі ўмела пячы. Заўсёды трымалі гаспадарку, па сорак сотак бульбы садзілі. Муж мой таксама працавітым чалавекам быў: і сталяркай займаўся, і драўляны посуд рабіў – яго мой тата навучыў.
Сёння ў Ніны Мікалаеўны 10 унукаў і 13 праўнукаў. Бабуля заўсёды з нецярпеннем чакае іх у госці. Зімою яна і сама жыла ў сваіх дачок у Гродне, а як пацяплела – на сваю малую радзіму вярнулася.
– Ведаеце, ніколі нікуды ехаць не хацела, – гаворыць мая суразмоўца. – Многія нашы аднавяскоўцы падаліся асвойваць цалінныя землі. Сястра майго мужа і свякроў таксама накіраваліся шукаць лепшага жыцця. І мужа майго падбухторвалі. Тады ў нас ужо двое дзяцей было. Мае бацькі плакалі і прасілі нікуды не ехаць. На шчасце, дом мы свой прадаць не змаглі, так і засталіся ў родных Варанках.
Вельмі шкадуе бабуля, што прыходзіць у заняпад іх вёсачка. Ад некаторых вёсачак-суседак, што мясціліся непадалёку, ужо даўно толькі назва засталася. Па ўсім відаць, і іх Варанкі чакае такі лёс, калі толькі не адродзяць іх прыезджыя дачнікі.
У аптэку – на Орліку
Надзея Мікалаеўна і Мар’ян Казіміравіч Слабышы – карэнныя мясцовыя жыхары. Праўда, Мар’ян Казіміравіч, які, дарэчы, з’яўляецца старастам вёскі, нарадзіўся ў суседняй Місюкоўшчыне, што ўсяго ў кіламетры ад Варанкоў.
– Мы ж 56 гадочкаў разам пражылі! – расказвае Надзея Мікалаеўна – адмысловая гаспадыня і рукадзельніца. – Я свайго Мар’яна вельмі любіла. І замуж за яго пайшла, калі толькі 19 гадочкаў было. Яго ў армію на тры гады забралі, а праз паўтара – у водпуск прыйшоў. Браты яму і нагаварылі, што не дачакаюся я яго. І ён, доўга не думаючы, прыйшоў прасіць маёй рукі. А я і згадзілася! Распісаліся. Ведаеце, як цяжка потым было дачакацца мужа з арміі!? Прыйду, бывала, на танцы, з аднаго боку мама на крэсле сядзе, з другога – суседка, а я – пасярэдзіне. А танцаваць-та хочацца! Толькі запросіць мяне хто-небудзь на танец, а мама ў плечы штурхае: “Глядзі, ты мужава жонка!” Затое потым, як вярнуўся мой Мар’ян, натанцаваліся ўжо ўдосталь. Сям’я ў нас добрая атрымалася, трох сыночкаў выгадавалі.
Надзея Мікалаеўна працавала ў паляводстве ў мясцовай гаспадарцы. А Мар’ян Казіміравіч трыццаць год быў трактарыстам. Акрамя гэтага, як ён сам кажа, “спецыяліст да тэхнікі выдатны”. Напэўна, свае здольнасці і сынам перадаў: сваімі рукамі трактар змайстравалі. Як пачнецца сезон – тэхніка будзе праходзіць іспыты: трактарчык зможа і згараць, і груз перавезці.
А яшчэ ёсць у гаспадарцы Слабышаў агульны любімец – конік Орлік.
– Мы ж без яго, як без рук! – гаворыць Мар’ян Казіміравіч. – Ці ў аптэку або ў магазін у Дэмбрава пад’ехаць, ці поле ўзараць, ці бульбачку перавезці – ён наш памочнік.
І я не магу стрымацца, каб не перапытаць:
– І што, Вы ў свае 82 гады яшчэ і за плугам ходзіце?!
– Не кожны малады са мною параўнацца зможа! – з гонарам адказвае Мар’ян Казіміравіч.
Усяго хапіла ў жыцці гэтым працавітым добразычлівым людзям. Бацька Мар’яна Казіміравіча прапаў без вестак на вайне. Мама адна паднімала шасцярых дзяцей. Не салодкім было дзяцінства і юнацтва Надзеі Мікалаеўны. Дарэчы, яна – родная сястра Ніны Мікалаеўны Кахновіч. На жаль, не абышло бокам гора сям’ю Слабышаў: некалькі год таму патануў у Дэмбраўскім возеры іх сынок, двое дзетак засталіся без бацькі. Моцна падкасіла гэта няшчасце Надзею Мікалаеўну і Мар’яна Казіміравіча. Але знайшлі яны ў сабе сілы жыць, дапамагаць нявестцы ставіць на ногі ўнукаў: Анатолій ужо атрымаў вышэйшую адукацыю, а Дар’я яшчэ вучыцца ў каледжы. А ўвогуле любяць бабуля і дзядуля ўсіх сваіх шасцярых унукаў і праўнучка.
– Ведаеце, мы вельмі ўдзячны нашаму мясцоваму кіраўніцтву – старшыні Дэмбраўскага сельвыканкама Міхаілу Міхайлавічу Жоглу, які калісьці працаваў тут загадчыкам участка, і дырэктару ААТ “Дэмбрава” А.В. Тулю за паважлівыя адносіны да нас – пажылых людзей, – гавораць муж і жонка Слабышы. – Да іх можна звярнуцца з любой просьбай, і яна будзе абавязкова выканана. Вось хто сапраўды працуе для людзей. Вельмі добры і адказны прадавец Алена Іосіфаўна Жэгждрына, якая прыязджае да нас у вёску з аўталаўкай. Пра што толькі яе папросіш – абавязкова прывязе ў наступны раз.
Нягледзячы на няблізкую дарогу, часта наведваюцца з Гродна да бацькоў сыны. І рамонт дапамогуць зрабіць, і па гаспадарцы патрэбныя работы.
– Як добра, што вы да нас прыехалі! – на развітанне гавораць мае прыемныя суразмоўцы. – Летам тут яшчэ можна ўбачыць прыезджых людзей, а зімою – акрамя паштальёна і прадаўца аўталаўкі – амаль нікога. Нават наш чатырохгадовы праўнучак прыехаў пагасціць, пабыў трохі, а потым кажа: “Мама, паехалі дадому! Тут жа людзей зусім няма, адны куры жывуць!”
На жаль, гэта рэаліі нашага жыцця. Выміраюць вёскі, разам з людзьмі адыходзяць у нябыт іх традыцыі і гісторыя.
“Давай шукаць свайго кутка!”
Яўгенія Янаўна Кузьміцкая сустракала мяне на вуліцы. Вясенняе разводдзе перакрыла шлях да яе дома. А прыціснулі марозікі – і вада замерзла, заадно ўмураваўшы і брамку. Таму бабулька паказвала мне, як пераадолець гэты стыхійна ўзнікшы каток.
– Я нарадзілася ў Варанках, – расказвае Яўгенія Янаўна. – Вучылася добра, некалькі гадоў хадзіла на заняткі ў мясцовую школу, а сёмы клас заканчвала ў Дэмбраве. А потым уладкавалася на работу даяркай. Замуж пайшла ў суседнія Кузьмы, але сям’я мужа надта вялікая была, я ўжо адзінаццатаю пасялілася. Год мы там пажылі, а я потым кажу: “Давай шукаць свайго кутка, сваю хату будаваць!” І мы дваіх з ім пабудавалі гэты дом у маёй роднай вёсачцы, таму што я нікуды ехаць не хацела. Дапамогі нам ніякай не было: у яго ў сям’і шмат дзяцей, а ў мяне – адна мама і шасцёра братоў і сясцёр. Тата быў старшынёю сельсавета, і ў вайну яго забілі немцы.
Лёс Яўгеніі Янаўны склаўся не так, як яна марыла. Дзяўчына вельмі кахала аднаго хлопца, які пайшоў служыць у армію, чакала яго. А са сваім будучым мужам пазнаёмілася, калі працавала даяркаю, а ён быў трактарыстам. Пад націскам родных, а сёстры яшчэ былі незамужнімі, яна была вымушана прыняць прапанову настойлівага кавалера. Маладыя пажаніліся. Муж аказаўся вельмі працавітым. Неўзабаве ў іх нарадзіліся тры дачкі і сын. Так у згодзе і пражылі ўсё жыццё. Цяпер трое дзяцей жывуць у Гродне, а адна дачка – у Віцебску.
Яўгенія Янаўна шмат працавала, усёй сям’ёй даглядалі вялікую гаспадарку – свіней, чатыры каровы і іншую жыўнасць. У свабодны час вышывала, пруткамі вязала, шыдэлкам вырабляла. Два ручнікі, вышытыя яе рукамі, у свой час сталі ўпрыгажэннем для цэркваў у Дэмбраве і Астрыне.
Муж Яўгеніі Янаўны пайшоў з жыцця, а два месяцы таму не стала і яе роднай сястры, якая дзесяць гадоў жыла разам з ёю.
– Цяжка застацца адной, – гаворыць бабулька. – Дзеці не забываюць, прыязджаюць, толькі ў кожнага ж сваё жыццё. Я люблю сваю вёсачку: тут жылі мае родныя людзі, тут нарадзіліся мае дзеці, тут я перажыла самыя шчаслівыя імгненні. Што можа быць даражэй за гэты кавалачак зямлі, які завецца малой радзімай?
…Ужо ад’язджаючы з Варанкоў, спыніліся ля сядзібы, дзе вядуцца будаўнічыя работы. На фоне іншых старэнькіх хатак гэты дом выглядае быццам церам.
– Тут жыла мая бабуля Алена Іванаўна Клімук, – расказвае гродзенец Аляксандр Валковіч. – Цяпер яна ў маёй мамы ў Гродне, а дом пакінула мне. Хачу адрадзіць наша родавае гняздо, удыхнуць у яго новае жыццё. У мяне чацвёра дзяцей, і мы ўсёй сям’ёй летам праводзім тут шмат часу.
Хочацца спадзявацца, што менавіта так паступяць і іншыя гараджане, каб захаваць памяць пра свой род. Дарэчы, у некаторых дамоў у Варанках ужо з’явіліся новыя гаспадары. Магчыма, гэта вёсачка ў Дэмбраўскім сельсавеце ўсё ж атрымае шанц на новае жыццё, а яе назва не знікне назаўсёды з карты раёна?!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.