Вам, ветэраны, паклонімся нізка...

У гэтыя майскія дні асаблівай увагай і клопатам акружаны нашы дарагія ветэраны. Напярэдадні 9 Мая старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Ложэчнік наведаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Альберта Львовіча Смірнова. У яго асобе кіраўнік раёна выказаў шчырую ўдзячнасць людзям, якія здабылі для нас Перамогу і сённяшні мірны дзень. 

У той майскі дзень у госці да ветэрана А.Л. Смірнова завіталі таксама намеснік старшыні райвыканка Г.С. Хвядзюк, дырэктар Шчучынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.У. Шанчук, старшыня раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіч і іншыя.

Альберту Львовічу 91 год, аднак бадзёрасці і аптымізму яму не займаць. Падчас размовы ён расказваў, што родам з Зэльвенскага раёна, аднак са Шчучынам даўно парадніўся душой. 
Май зноў будзіць у сэрцы ветэрана ўспаміны пра тыя далёкія-блізкія ваенныя гады. Пра іх нагадвае і шэраг узнагарод: ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі “За Перамогу над Германіяй”, “За перамогу над Японіяй”, “За вызваленне Карэі» і іншыя. Ёсць у нашага суразмоўцы і ўзнагароды за поспехі ў працоўнай дзейнасці.
Альберт Львовіч заўсёды рады гасцям. Старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік павіншаваў ветэрана, пажадаў здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Як знак павагі – падарунак і кветкі. 


Не забылі франтавіка і былыя калегі: Альберт Львовіч больш за чатыры дзясяткі гадоў працаваў у сістэме спажыўкааперацыі. Кветкі і грашовы падарунак ветэрану ўручыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вольга Міхайлаўна Валошык.
У той дзень у госці да А.Л. Смірнова завіталі і вучні СШ №2 г. Шчучына. Альберт Львовіч падзякаваў за ўвагу і паабяцаў абавязкова прысутнічаць на свяце, якое будзе ладзіцца ў горадзе 9 мая.

 


Прыняць удзел у мітынгу ў гарадскім скверы мае намер і былы франтавы разведчык М.М. Юр’еў. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост – ветэрану ўжо споўнілася 94 гады – ён трымаецца бадзёра і з радасцю сустракае кожны новы дзень. Напярэдадні свята Мікалай Мікалаевіч прымаў шматлікіх гасцей. Асабліва кранаючай атрымалася гутарка з вучнямі СШ №3 г. Шчучына, якія таксама прыйшлі праведаць ветэрана. Рабяты скарысталіся магчымасцю і зрабілі фота на памяць з салдатам Перамогі. 
Без увагі раённага кіраўніцтва не засталіся Т.С. Осіпава, В.Р. Маслава, К.А. Сямёнава і іншыя ветэраны раёна. 

Ганна КАСПЕР.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!