Вацлаў Руды: зямляк, будаўнік, герой
Сярод шчучынскіх вуліц, названых у гонар знакамітых людзей – легендарных ваенных лётчыкаў, партызанскіх камандзіраў, адважных падпольшчыкаў, ёсць параўнальна новая, з прыгожымі шматпавярхоўкамі, якая носіць імя нашага земляка, заслужанага будаўніка рэспублікі, Героя Сацыялістычнай Працы Вацлава Адольфавіча Рудага. Хоць жыццё яго было нядоўгім, гэты чалавек пакінуў яркі след у біяграфіі Шчучыншчыны, падарыў землякам цудоўную спадчыну – прыгожыя дамы, школы, дзіцячыя сады, кінатэатр, крамы і многія іншыя будынкі. На прыкладзе свайго жыцця В.А. Руды даказаў, што стаць героем можна і за працоўныя дасягненні.
Брыгада Рудага будавала якасна і надзейна
Будаўнічы вопыт Вацлаў Руды набыў у арміі, служыў ён у інжынерных войсках, а ўдасканальваў яго ўжо непасрэдна на будоўлях. Пасля службы ў 1958 годзе ўладкаваўся ў БУ-50, якое ў хуткім часе стала ПМК-26. Хлопец ён быў працавіты, адказны, дасціпны, з цікавасцю асвойваў прафесію будаўніка, спасцігаў розныя спецыяльнасці, за якую б работу ні браўся – выконваў яе старанна, якасна. Праз некалькі год кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі даручыла Рудаму ўзначаліць брыгаду. І не памылілася! Вацлаў паказаў сябе выдатным арганізатарам. Аўтарытэт свой заваёўваў нястомнай працай, справядлівымі адносінамі да рабочых. Ён быў патрабавальны да іншых, а ў першую чаргу – да сябе. У брыгадзе ніхто не парушаў дысцыпліну, дарэмна не траціў ні хвіліны часу. Брыгадзір загадзя прадумваў “стратэгію” рабочага дня, раніцай кожнаму даваў заданне, усё было дакладна і ясна. Члены брыгады Л.С. Сініца, С.Б. Амшэй, М.І. Кавалеўскі, А.Б. Снігір і іншыя былі спецыялістамі высокага класа. Майстэрства рабочых і ўмелае кіраўніцтва брыгадзіра вывелі брыгаду ў перадавыя.
Вацлаў Руды вывучыў і ўкараніў у калектыве метад брыгаднага падраду. У ліку лепшых брыгадзіраў краіны ён ездзіў да вядомага будаўніка-наватара Мікалая Злобіна, каб пераняць яго вопыт. Вярнуўшыся, Руды доўга абмяркоўваў з калектывам усё, што ўбачыў, пра што даведаўся. Таварышы па працы зацікавіліся і вырашылі выпрабаваць новы метад. У выніку строгай эканоміі матэрыялаў і часу, дакладнага падліку, узаемазамя-няльнасці, сумяшчэння прафесій брыгада выйшла на поўны гаспадарчы разлік, значна скараціла тэрміны будаўніцтва і атрымала пэўную эканомію. У пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя брыгада Рудага ўзвяла ў Шчучыне дзіцячы сад №6, тры школы ў раёне. За чатыры гады тэрмін будаўніцтва скараціўся на 233 дні – за гэты час можна ўзвесці яшчэ адзін аб’ект.
У 1972 годзе В.А. Руды атрымаў ганаровае званне “Заслужаны будаўнік БССР”, а ў 1977 годзе стаў Героем Сацыялістычнай Працы. У гэты ж перыяд, з 1975 па 1980 год, з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Але пры ўсіх сваіх званнях і ўзнагародах ён заставаўся сціплым, шчырым чалавекам, без ганарлівасці і пахвальбы. Гэта цанілі ўсе, хто яго акружаў.
Вацлаў Адольфавіч быў для многіх рабочых не проста кіраўніком, але старэйшым сябрам і дарадцам. Ён прыняў удзел у лёсе многіх маладых людзей са сваёй брыгады. Бывалі выпадкі, калі маладых рабочых накіроўвалі ў брыгаду часова, а яны заставаліся працаваць пастаянна, не хацелі пакідаць калектыў.
Ён шчодра жыў, людзей любіў…
У свой час дзякуючы прафесіі мне пашчасціла пазнаёміцца з Вацлавам Адольфавічам. Да гэтай пары з цеплынёй успамінаю нашу сустрэчу. З хваляваннем накіравалася я выконваць рэдакцыйнае заданне – трэба было ўзяць інтэрв’ю ў Героя Працы. Па дарозе дзясяткі раз карэктавала свае пытанні, прадумвала, як весці размову. Дарэмна хвалявалася. Вацлаў Адольфавіч аказаўся даступным, адкрытым чалавекам, гасцінным гаспадаром. Ён з задавальненнем расказваў пра работу, калег-будаўнікоў, сям’ю, бацькоў, адказаў на ўсе мае пытанні. Нават пачаставаў чаем з тортам, аказваецца, у яго якраз быў Дзень нараджэння. Трэба ж, у такі дзень не адмовіўся ад сустрэчы.
Надарылася мне пабываць і на дачы майго героя, што ў Тапілішках. Домік і цяпліцу гаспадар пабудаваў сваімі рукамі. У агародзе і на падворку парадак дапамагала трымаць яго “палавінка” Раіса Іосіфаўна. Зямля аддзячвала руплівым гаспадарам шчодрым ураджаем. Асабліва мяне ўразілі памідоры – вялізныя, чырвоныя, мясістыя. На развітанне гаспадар напоўніў мой кошык прыгожымі пладамі.
Вацлаў Адольфавіч быў добрым мужам і бацькам. Пяшчотна і клапатліва ставіўся да сваёй сям’і. З жонкай Раісай Іосіфаўнай яны пражылі без малога трыццаць год, выхавалі двух сыноў, дачакаліся ўнукаў. Шкада, што не давялося дзядулю парадавацца іх поспехам. Не шкадаваў ён сябе, не бярог сэрца, рана пайшоў з жыцця…
У доме Рудых пяшчотна захоўваюць памяць аб былым гаспадару. У дамашнім архіве – унікальныя фотаздымкі, граматы, падзякі. Гэта зрэз гісторыі нашага раёна і краіны. Чалавек з высокімі званнямі быў вельмі сціплым у жыцці, добрым і душэўным. Такім ён застанецца ў памяці родных, сяброў і знаёмых.
Ала ФЯДОТАВА.
Фота з сямейнага архіва Рудых.