Узвядзенне шматкватэрнага дома на вуліцы Заводскай працягваецца. Хутка будаўнікі пачнуць кладку сцен першага паверха

 

Паступова паляпшаецца і павялічваецца жыллёвы фонд нашага раёна. Зараз у Шчучыне працягваецца будаўніцтва шасцідзесяцікватэрнага дома па вуліцы Заводскай. Будынак па новым праекце ад абласнога АУПП “Інстытут Гроднаграмадзянпраект” прадугледжвае шэраг нестандартных для нашага райцэнтра рашэнняў.

 

Важнай асаблівасцю новага пяціпавярховага дома стане наяўнасць ліфтаў у кожным з трох пад’ездаў будынка. Варта адзначыць, што ўваход у ліфт будзе двухбаковы. Такое рашэнне створыць безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 

 

Таксама цікавым бачыцца будучы знешні выгляд будынка, фасады якога з першага па пяты паверх будуць упрыгожваць суцэльныя вітражы. Яны заменяць звыклыя маленькія вокны на лесвічнай клетцы.

 

Генеральным падрадчыкам на аб’екце выступае Шчучынская МПМК-167. На сёння будаўнікі практычна цалкам выканалі працы нулявога цыклу, у які ўваходзіць падземная частка будынка. На аб’екце ўжо зрабілі падлогу, узвялі сцены і перакрыцці падвалаў. У хуткім часе пачнецца кладка першага паверха. Паралельна з будаўніцтвам дома паляпшаецца і інфраструктура вакол яго. Так, згодна з нарматывамі будзе павялічана колькасць парковачных месцаў.

 

 

Завяршэнне будаўніцтва запланавана на другі квартал наступнага года.

 

Важна, што ўзвядзенне новага дома вядзецца за кошт долевага будаўніцтва. Дольшчыкамі могуць быць як юрыдычныя, так і фізічныя асобы. Зараз дамовы на будаўніцтва заключылі грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Некалькі кватэр у доме былі перададзены пад арэнднае жытло. Таксама кватэры будуюць арганізацыі і ведамствы для сваіх супрацоўнікаў.

 

 

Як адзначыў галоўны інжынер ДП “УКБ Шчучынскага раёна” Аляксандр Малышка, на сёння з 60 кватэр неразмеркаванымі застаюцца 16. Сярод іх адна двухпакаёвая, 9 аднапакаёвых і 6 трохпакаёвых.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!