Увага на сэрвіс для вяскоўцаў. Кіраўніцтва аблспажыўтаварыства ацаніла якасць гандлёвых паслуг для вяскоўцаў у нашым раёне

На гэтым тыдні адбылася рабочая сустрэча кіраўніцтва абласнога спажывецкага таварыства з прадстаўнікамі Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства і раённай уладай. Сумесна былі абмеркаваны пытанні гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва Шчучынскага і Каменскага сельсаветаў.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел першы намеснік старшыні праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварыства Васілій Міхальчык, начальнік упраўлення гандлю аблспажыўтаварыства Марыя Ількевіч, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі, дырэктар Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства Вануш Навасардзян.
Галоўнай тэмай рабочай сустрэчы стала арганізацыя і паляпшэнне гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў сельскай мясцовасці. Удзельнікі наведалі некалькі вясковых крамаў і аўтакрамаў, каб ацаніць іх працу і выслухаць меркаванні мясцовых жыхароў.
Так, камісія пазнаёмілася з работай аўтакрамы ў вёсках Даўлюдаўшчына і Грамавічы, а таксама наведала стацыянарныя крамы “Родны Кут” у аграгарадках Тур’я і Каменка. Удзельнікі мерапрыемства звярнулі ўвагу на асартымент тавараў, іх якасць і даступнасць для насельніцтва. Асаблівая ўвага была нададзена аўтакрамам, якія абслугоўваюць вёскі без пунктаў гандлю і з’яўляюцца важным элементам забеспячэння сельскіх жыхароў усім неабходным.
Таксама адбыліся размовы з мясцовымі жыхарамі. Удзельнікі рабочай сустрэчы выслухалі іх прапановы і ацэнкі, звязаныя з якасцю абслугоўвання і асартыментам тавараў. Жыхары вёсак адзначылі, што сітуацыя з гандлем у сельскай мясцовасці значна палепшылася. Аўтакрамы прыязджаюць згодна з раскладам, да таго ж маюць багаты асартымент. Таксама радуе пакупнікоў магчымасць рабіць дадатковыя персанальныя замовы на тавары.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара і Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства.