Успамінаю іх пайменна

Кожны раз напярэдадні Дня друку – аднаго з любімейшых святаў, таму што пашчасціла мець самую цікавую прафесію на свеце – міжвольна ўзгадваюцца людзі, з якімі пачынала свой працоўны шлях, у якіх вучылася майстэрству і жыццёвай мудрасці, з якімі сустракала юбілеі роднай газеты: спачатку “Савецкай вёскі”, а пазней і яе пераемніцы – “Дзянніцы”. Асаблівыя адносіны былі да тых, хто прайшоў вайну. Іх суровасць была апраўданай, іх жыццялюбству не было мяжы. 
Сёння, калі наша Шчучынская раённая газета рыхтуецца да сустрэчы свайго 80-годдзя, яны, ветэраны, шчыра парадаваліся б за поспехі сваёй газеты, яе творчы рост, непазнавальна новы твар і сучасны імідж выдання. Каштоўна тое, што наша раёнка, якая ўпэўнена крочыць у будучае, працягвае захоўваць лепшыя традыцыі папярэдніх пакаленняў, не забывае імёны дастойных людзей, што працавалі ў рэдакцыйным калектыве.

Мой першы рэдактар

Ніколі не забуду як мяне, юнкора, 41 год таму назад прыняў на работу ў штат рэдакцыі Абрам Данілавіч Змудзяк. Ці варта расказваць, як гулка білася сэрца, калі ўваходзіла ў святая святых – рэдактарскі кабінет, як была ўражана інтэлігентнасцю, добразычлівасцю і тактоўнасцю імпазантнага, срэбравалосага чалавека з прамяністай усмешкай? У Дзень Перамогі на пінжаку Абрама Данілавіча ззялі ўзнагароды, сярод якіх – ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені і ордэн Чырвонай Зоркі. Што стаяла за імі? Якія неймаверныя выпрабаванні давялося перажыць, цудам уцалеўшы ад фашысцкай кулі? Пра гэта я даведалася значна пазней. А ў той час была шчыра ўдзячна майму першаму рэдактару за ўменне падтрымаць маладога карэспандэнта, падрабязна расказаць, адпраўляючы на рэдакцыйнае заданне, якія факты і лічбы патрабуецца сабраць, як пабудаваць будучую публікацыю, на чым расставіць акцэнты. Па сутнасці, гэта быў майстар-клас ад вопытнага газетчыка.


Мы досыць часта рыхтавалі матэрыялы пра франтавікоў і партызан, аднак тое, што перажылі нашы старэйшыя калегі-ветэраны, заставалася па-за газетнымі палосамі. Неяк не прынята было пісаць пра супрацоўнікаў рэдакцыі. І толькі значна пазней мне давялося даведацца пра жудасную гісторыю. Уся сям’я Змудзякоў, якія жылі да вайны ў Капылі, што на Міншчыне, трапіла ў гета, разам з іншымі яўрэямі іх вывезлі на расстрэл, аднак бацьку Абрама Данілавіча ўдалося закрыць сваім целам сына. Хлопчык некалькі гадзін нерухома ляжаў сярод мёртвых, каб нічым не выдаць сябе. Пасля доўга блукаў і хаваўся, пакуль не знайшоў партызан. 
Вось так застаўся ў жывых, праявіўшы неверагодную сілу духу і прагу жыцця. Сталеў, бясстрашна ўдзельнічаў у аперацыях народных мсціўцаў. Абрам Змудзяк сустрэў вызваленне Беларусі ў якасці радавога партызанскага атрада імя Будзённага злучэння генерал-маёра Капусты. А потым была Вялікая Перамога, магчымасць вучыцца, атрымаць адукацыю.
 Дапытлівы малады чалавек быў залічаны слухачом савецкіх партыйных курсаў пры ЦК КПБ. Як не раз узгадваў сам Абрам Данілавіч, ягоны шлях у журналістыку пачаўся ў 1948 годзе ў Стоўбцах, потым яго накіравалі ўзначальваць Казлоўшчынскую раёнку “Сцяг Перамогі”, неўзабаве даверылі сабкораўскую дзейнасць у абласной газеце “Гродзенская праўда”, назначылі рэдактарам газеты “За Радзіму” ў мястэчку Жалудок. 
У маі 1964 года А.Д. Змудзяка запрасілі на пасаду адказнага сакратара газеты “Савецкая вёска”, а з кастрычніка 1965-га па лістапад 1986 года ён – рэдактар Шчучынскай раённай газеты. 
Былы партызан знайшоў свой адметны шлях у мірным жыцці, пакінуў значны след у гісторыі журналістыкі Гродзеншчыны. Калі напрыканцы 80-х А.Д. Змудзяк выйшаў на пенсію, то нязменна кіраваў раённым саветам ветэранаў вайны і працы, працягваў актыўна займацца грамадскай дзейнасцю.

І штыком валодаў, і пяром

Сябрам і саратнікам, а часам і творчым апанентам быў для Абрама Данілавіча адказны сакратар рэдакцыі Мікалай Валяр’янавіч Сасноўскі, які займаў гэту пасаду, пачынаючы з 70-х. З-за суровасці і бескампраміснасці маладыя супрацоўнікі яго нават пабойваліся, але паважалі за энцыклапедычнасць ведаў, праўдалюбства, звычку гаварыць у твар тое, што думаў. М.В. Сасноўскі быў родам з Гомеля, 20-гадовым юнаком у 1941-м пайшоў на фронт і да самай Перамогі дастойна выконваў свой воінскі абавязак. Ордэны Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, медаль “За адвагу”, многія іншыя баявыя ўзнагароды ўвянчалі слаўны шлях салдата, які пасля вайны змяніў зброю на вострае журналісцкае пяро.


З 1947 па 1992 год Мікалай Валяр’янавіч працаваў у СМІ, прычым трыццаць пяць гадоў сваёй журналісцкай біяграфіі прысвяціў Шчучынскай раённай газеце. Ніхто так не ўмеў устанавіць кантакт з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна, ні ў каго не было столькі “карпунктаў” і “сваіх” аўтараў, як у Сасноўскага. Ён умеў кантактаваць з людзьмі, шчыра сябраваць, прыходзіць на дапамогу ў складаную жыццёвую хвіліну. Быў шчодрым і шырокім душой, умеў пажартаваць так, што і сёння ў журналісцкай суполцы праскакваюць крылатыя выслоўі Сасноўскага. Чалавек-легенда – гэта сапраўды пра яго…

Універсальны салдат

На першым паверсе нашага “старасвецкага” будынка па вуліцы Гастэлы, 5 доўгі час мясцілася друкарня – з наборным і друкарскім цэхамі, з масіўнымі машынамі-лінатыпамі, пры націску на клавіятуру якіх жвава выскоквалі адлітыя ў метале гарачыя радкі журналісцкіх тэкстаў. Багата рознага люду “правярнулася” у гэтых сценах. Але быў сярод работнікаў адзін вельмі сціплы – невысокі і хударлявы чалавек у круглых “чэхаўскіх” акулярыках, якога лічылі незаменным. А вось ён мог замяніць любога са сваіх таварышаў па працы. 
“Універсальны салдат”, – і жартам, і ўсур’ёз гаварылі пра Аляксея Уласавіча Долдзіна, які пры неабходнасці мог быць і наборшчыкам, і лінатыпістам, і пераплётчыкам, і друкаром. Дый салдатам ён быў не ў пераносным, а ў самым прамым сэнсе. У студзені 1943 года юнага Аляксея Долдзіна з далёкага пермскага краю прызвалі ў войска. У складзе паветрана-дэсантнай брыгады ён удзельнічаў у вызваленні Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Працягваў служыць і пасля вайны, а дэмабілізаваўшыся, застаўся ў Беларусі, пайшоў працаваць у друкарню. 
У якасці брыгадзіра наборшчыкаў А.У. Долдзіна ў 1955-м перавялі з Мастоў у Шчучын. І так ужо склалася, што Аляксей Уласавіч на працягу чатырох дзесяцігоддзяў нястомна “рабіў газету” аж пры пяці рэдактарах. А ў свае галоўныя святы, што выпадалі на пачатак мая – Дзень друку і Дзень Перамогі – прымацоўваў на грудзі ордэн Славы, медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Вены”, іншыя ўзнагароды, каб разам з таварышамі – такімі ж салдатамі Перамогі – крочыць пад мірным небам роднага горада.
 … На вялікі жаль, іх ужо няма сярод нас – нашых дарагіх ветэранаў друку, якія з годнасцю прайшлі суровымі ваеннымі дарогамі. Але засталася наша ўдзячная памяць пра іх – людзей гераічнага пакалення. Засталіся іх урокі жыцця, якія мы перадаём сваім дзецям, малодшым калегам, сваім чытачам. Засталіся традыцыі, што пакінулі нам у спадчыну А.Д. Змудзяк, М.В. Сасноўскі, А.У. Долдзін, дзясяткі іншых дастойных людзей, якія працавалі ў нашай газеце на працягу ўсёй яе 80-гадовай гісторыі. 
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота з альбома аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!