Уборачны марафон Мікалая Прыгодзіча. Вопытны хлебароб першы на Гродзеншчыне перавысіў намалот у чатыры тысячы тон

 

У арсенале камбайнера Мікалая Прыгодзіча з СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна нямала працоўных узнагарод. У ліку самых памятных — новы аўтамабіль, ключы ад якога атрымаў ад кіраўніка дзяржавы. А летась за рэкордныя чатыры тысячы тон яму ўручылі пуцёўку ў санаторый. Які прыз чакае сёлета найлепшага камбайнера Гродзеншчыны? І ці будзе пабіты леташні рэкорд?

 

 

Сам рэкардсмен лічыць, што прыз — не галоўнае. Не дзеля ўзнагарод выходзіць штодзень у поле сапраўдны прафесіянал сваёй справы Мікалай Прыгодзіч. За яго плячыма — чвэрць стагоддзя працы на зямлі. Без пачуцця адданасці хлебнай ніве высокія вынікі наўрад ці атрымаеш. Так і ёсць. У Мікалая Прыгодзіча да зямлі свой падыход — гаспадарскі.

 

 

— Сёлета нямала палегліцы, таму жаць трэба вельмі акуратна, каб пазбегнуць страт. Вядома, трэба прыкласці і сілы, і веды, і цярпенне. Бо не заўсёды ўдаецца выйсці з самага ранку з-за густой расы, трэба не спяшацца, а пачакаць, каб зерне не было занадта вільготным, — тлумачыць свой падыход да работы камбайнер.

 

 

Здаецца, лідар жніва прывык, што яго асобай цікавяцца журналісты, на пытанні рэагуе спакойна, часта ўсміхаецца. Чарговая планка спадара Прыгодзіча не застаецца без увагі. Адзначыць дасягненні камбайнера проста на поле прыязджаюць прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый. Напрыклад, сёлета яму як першаму камбайнеру, які пераадолеў мяжу ў тры тысячы тон, уручылі дыплом пераможцы спаборніцтва і грашовую прэмію. Але галоўны прыз наперадзе. Перадавікоў жніва будуць урачыста віншаваць на раённых і абласных «Дажынках».

 

 

Мікалай Прыгодзіч другі год запар узначальвае спіс перадавікоў жніва Гродзеншчыны. Праўда, сам рэкардсмен кажа, што за ўласнымі вынікамі не сочыць. Тым не менш, разумее: дастойных сапернікаў у яго хапае.

 

 

Старшыня Гродзенскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Крупіца паведаміў, што для заахвочвання механізатараў раённы прафсаюз выдзеліў больш за сем тысяч рублёў. На яго думку, гэта добры стымул для хлебаробаў. А высокая ўраджайнасць спрыяе і асабістым рэкордам.

 

 

Напрыклад, у СВК імя Дзеншчыкова збіраюць амаль 90 цэнтнераў з гектара. Летась паказчык быў значна ніжэйшы — 74,4 цэнтнера з гектара.

 

 

— Прырост салідны, — адзначае старшыня СВК імя Дзеншчыкова Васіль Свірыд. — Складнікаў такога поспеху некалькі. Паспрыяла добраму ўраджаю як надвор'е, так і зладжаная работа агранамічнай службы. І кадры, адпаведна, не падводзяць. Усё гэта дазваляе дабівацца высокіх вынікаў.

 

 

У СВК імя Дзеншчыкова збожжавы палетак — адзін з самых вялікіх у раёне. Усяго на жніве працуе 12 камбайнаў. Прастояў з-за паломак практычна няма, хоць сёлета гаспадарка сутыкнулася з праблемай набыцця запчастак на імпартныя камбайны. Але гэтыя пытанні ўдалося вырашыць. Адрамантавана і беларуская тэхніка, усе камбайны ўжо некалькі дзён таму намалацілі больш за тысячу тон зерня кожны, некаторыя камбайнеры дасягнулі і дзвюх-трох тысяч тон.

 

 

На адвозцы зерня задзейнічаны ўсе грузавікі, якія ёсць у гаспадарцы,

 

 

— Калі такі высокі ўраджай, тады і настрой падымаецца, хочацца хутчэй яго сабраць з поля. Таму кожны сонечны дзень выкарыстоўваем па максімуме, — кажа Мікалай Прыгодзіч. — Вядома, ад такога марафону ўжо крышку прытаміліся, але разумеем, што хутка фініш, і да яго трэба дайсці годна.

 

 

Як бы ні было цяжка, знакаміты камбайнер прызнаецца, што любіць сваю работу, а ненарміраваны рабочы дзень яго даўно не палохае. Мікалаю падабаецца жыць у сельскай мясцовасці, бо з дзяцінства прывык да работы на зямлі. Па бацькавых слядах пайшоў і сын — ён працуе на зернасушыльным комплексе. Таксама ў гаспадарцы працуюць жонка і брат перадавіка.

 

 

Ці будзе перасягнуты рубеж у пяць тысяч тон, пакуль сказаць цяжка. Уборка працягваецца, праўда, засталося зжаць яшчэ 10 % плошчы. Затое не падводзіць ураджай — рэкордны ў гаспадарцы.

 

 

Дарэчы, рэкордная ўраджайнасць сёлета і ў цэлым па Гродзенскім раёне. Сярэдняя ўраджайнасць складае 83 цэнтнеры з гектара. У некаторых гаспадарках намалот дасягае 100-102 цэнтнераў. У раёне чакаюць рэкордны валавы збор. Магчыма, яшчэ рана рабіць нейкія прагнозы, але ў раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання спадзяюцца, што і сёлета раён па традыцыі будзе найлепшым у краіне па ўраджайнасці.

 

 

— У Гродзенскім раёне плануюць атрымаць 230 тысяч тон зерня, гэта самы высокі паказчык за ўсю гісторыю раёна. Хуткім тэмпам спрыяе высокая тэхнічная насычанасць гаспадарак. На ўзбраенні земляробаў сучасныя высокапрадукцыйныя камбайны, сваю аддачу далі фінансавыя рэсурсы, укладзеныя ў насенне, угнаенні, сродкі аховы раслін, — заўважыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага райвыканкама Андрэй Юхнеўскі.

 

 

Хоць некаторыя гаспадаркі завяршылі ўборачную кампанію і правялі свае дажынкі, раёны вобласці працягваюць жніво. У цэлым па рэгіёне на 18 жніўня ўбрана 75 % плошчы. Ураджайнасць складае 52 цэнтнеры з гектара, гэта значна вышэй, чым летась.

 

 

Абласныя «Дажынкі» сёлета пройдуць 1 кастрычніка ў Вялікай Бераставіцы.

 

 

Маргарыта УШКЕВІЧ

"ЗВЯЗДА"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!