У сям’і Васілеўскіх ужо 60 год чытаюць “Дзянніцу”. Даведаліся, які юбілей адзначаюць тут напярэдадні Дня ўсіх закаханых

Больш адданых чытачоў нашай газеты, чым гэтыя двое, яшчэ пашукаць трэба! А ўсё таму, што шчучынскую раёнку паштальён стаў насіць у іх дом, як толькі ўтварылася сям’я Васілеўскіх -- 60 гадоў таму назад! Менавіта ў гэтыя дні Юзафа Эдвардавіч і Надзею Васільеўну родныя і сябры шчыра віншуюць з брыльянтавым вяселлем.

 

 

 -- Вельмі люблю нашу “Дзянніцу”. Па творчым почырку ведаю літаральна кожнага журналіста, а з некаторымі і асабіста знаёма, бо не раз удзельнічала ў конкурсах, наведвала рэдакцыю і тыя цудоўныя мерапрыемствы, якія газета арганізоўвала для сваіх чытачоў, -- дзеліцца Надзея Васільеўна, дарэчы, філолаг-беларусіст па дыпломе. – Асабліва прыемна, калі разгортваеш раёнку, а там здымак і цёплы аповед пра тваіх знаёмых, калег, суседзяў, людзей, з якімі ты раз-пораз сустракаешся на вуліцах горада. Што значыць сваё роднае выданне!

 

 

 У далёкім 1959 годзе пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута прыехала Надзея Васільеўна працаваць у Андрушоўскі дзіцячы дом, дзе на той час выхоўваліся дзеткі-сіроты. Вучыла іх жыццю, дапамагала, старалася акружыць клопатам і пяшчотай. А тут і прапанову рукі ды сэрца атрымала ад мясцовага андрушоўскага хлопца, які, мабыць, заўважыў і ацаніў усе душэўныя якасці маладой ды сімпатычнай настаўніцы.

 

 

-- Вяселля ў нас па-сутнасці не было: у той час усе жылі вельмі сціпла, -- узгадвае Надзея Васільеўна. – Дырэктар дома-інтэрната Павел Трафімавіч Марчанка, даведаўшыся пра наш намер, прапанаваў машыну, і мы паехалі ў Лядскі сельвыканкам зарэгістраваць шлюб. Надарылася гэта 12 лютага 1961 года.

 

 

Хоць і не ведалі тады Васілеўскія, што нарадзілася іх маладая сям’я напярэдадні Дня ўсіх закаханых, затое дакладна зналі – моцныя пачуцці звязалі іх улюбёныя сэрцы на ўсё жыццё. Так яно і выйшла.

 

 

Абставіны складваліся так, што Андрушоўскі дзіцячы дом быў расфарміраваны, педагогаў накіравалі працаваць у Ражанкаўскі дом-інтэрнат, і Васілеўскія працяглы час жылі ў мястэчку Ражанка. Працоўная біяграфія Юзафа Эдвардавіча найбольш звязана з аўтапаркам №12. Яму як вопытнаму вадзіцелю аўтобуса давяралі самыя адказныя рэйсы – у Мінск, Друскенінкай, Вільнюс, Каўнас…  За добрасумленнасць і надзейнасць, адданасць роднаму прадпрыемству Ю.Э. Васілеўскі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы. А яшчэ за самаадданую працу галаве  шматдзетнай сям’і (а Васілеўскія выхоўвалі двух сыноў і дачушку!) аўтапарк выдзеліў чатырохпакаёвую кватэру ў самым прэстыжным на той час доме – новенькай дзевяціпавярхоўцы з ліфтам!

 

 

-- Гэта была такая радасць для ўсіх нас! – узгадвае Надзея Васільеўна. – Але імкліва бег час, павырасталі дзеці. Старэйшы сын Валодзя пайшоў па бацькоўскіх слядах і стаў таксама вадзіцелем аўтобуса. Гэта пра яго пісала “Дзянніца” ў матэрыяле “У бацькі і сына адна дарога”. Дачка Святлана – высокакваліфікаваная медсястра, працуе на Міншчыне. А малодшы сын Андрэй – прараб Шчучынскай МПМК-167.

 

 

Усе дзеці ў гэтай сям’і сталі не толькі прафесіяналамі высокага кшталту, але і вельмі добрымі, чулымі людзьмі, гатовымі ў любую хвіліну адгукнуцца і працягнуць руку дапамогі і сваім, і чужым. Яны з пяшчотай клапоцяцца пра немаладых бацькоў, радуюць іх поспехамі, ужо сваіх дзяцей вучаць з павагай адносіцца да старэйшага пакалення, ведаць свой род і карані генеалагічнага дрэва.

 

 

--  Сёння мы ганарымся пяцярымі дарослымі ўнукамі, цешымся маленькімі праўнучкамі, -- усміхаюцца брыльянтавыя юбіляры. – На вялікі жаль, па стане здароўя ўсё радзей выходзім у горад, а навіны чэрпаем з раённай газеты, а значыць, па-ранейшаму ў курсе ўсіх падзей, што адбываюцца на Шчучыншчыне , і такім чынам застаёмся на плыні бурлівага жыцця, што падарыла нам гэты брыльянтавы сямейны юбілей.

 

 

Вядома, мы таксама далучаемся да ўсіх віншаванняў і жадаем нашым верным сябрам газеты здароўя і актыўнага даўгалецця разам з роднай “Дзянніцай”.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

  

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!