У славу агульнай Перамогі: шчучынская капсула з зямлёй з воінскіх пахаванняў і месцаў гібелі мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны дастаўлена ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей

Амаль год таму ў нашай краіне быў дадзены старт Рэспубліканскай акцыі памяці “У славу агульнай Перамогі”, прысвечанай 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мэта акцыі – садзейнічаць захаванню памяці пра падзеі ваеннага ліхалецця і ўвекавечанню імёнаў яе ўдзельнікаў.

 

 

Прынёманскі край далучыўся да акцыі 23 жніўня мінулага года. Акцыя крочыла па Гродзеншчыне і нікога не пакідала абыякавым. Поўным ходам ішло добраўпарадкаванне мемарыялаў і воінскіх пахаванняў. Дарэчы, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці знаходзіцца 748 воінскіх пахаванняў, з іх – 575 перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На шчучынскай зямлі – 34 памятныя мясціны, дзе пахаваны воіны і ахвяры той далёкай, але незабыўнай вайны.

 

Мясцовая ўлада Шчучыншчыны, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, працоўных калектываў, моладзь і школьнікі таксама не засталіся ў баку ад акцыі “У славу агульнай Перамогі”.

 

 

 – Падчас акцыі ўрачысты забор зямлі з пахаванняў і месцаў баявой славы адбыўся ва ўсіх раёнах вобласці, у тым ліку і ў нашым, – расказала лідар шчучынскай моладзі Вікторыя Куцэйка. – Сімвалічныя жмені зямлі, якія мы сабралі ў капсулу, захоўваліся ў музеі СШ №1 г. Шчучына. Да капсулы мы прыклалі спіс імёнаў пахаваных, а таксама інфармацыю аб ваенных падзеях мясцовасці, аб укладзе насельніцтва ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, аб людзях, якія вызначыліся ў баях ці падпольным супраціўленні.

 

Цяпер наша капсула разам з іншымі захоўваецца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Завяршэннем рэспубліканскай акцыі памяці на Гродзеншчыне стане перадача 18-ці капсул у Мінск. Плануецца, што ўсе капсулы 9 мая 2020 года – у дзень 75-годдзя Вялікай Перамогі – зоймуць сваё пачэснае месца ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых.

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!