У школу з “Белай Руссю”. У Шчучынскім раёне прайшла традыцыйная акцыя, прымеркаваная да пачатку навучальнага года
Па добрай традыцыі напярэдадні пачатку навучальнага года Шчучынская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” бярэ ўдзел у рэспубліканскай акцыі “У школу – з Белай Руссю”.
У рамках дабрачыннай акцыі прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі сёлета наведалі з падарункамі шматдзетныя і прыёмныя сем’і Шчучыншчыны ў якіх выхоўваюцца дзеці-школьнікі. Бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі грашовую дапамогу, дзякуючы якой змогуць якасна падрыхтаваць дзяцей да школы, набыць патрэбную канцылярыю, форму і іншыя тавары.
Таксама грашовую дапамогу ў рамках акцыі “У школу – з Белай Руссю” атрымалі дзеці, якія нарадзіліся 3 ліпеня 2017 года. Сёлета яны першы раз пераступяць парог школы. Усяго ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь шэсць гадоў таму ў нашай вобласці нарадзіліся 13 дзяцей, двое з якіх менавіта ў нашым раёне.
Пра актуальнасць дабрачыннай акцыі нам расказаў старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук:
– Без сумненняў, гэта важная акцыя. Мы стараемся зрабіць добрую справу і дапамагчы сабраць дзяцей у школу сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Дзякуючы грашовай дапамозе шматдзетныя і прыёмныя сем’і змогуць купіць усё неабходнае для вучобы, а дзеці будуць камфортна хадзіць у школу. Акцыя праходзіць па ўсёй рэспубліцы не першы год, і я ўпэўнены, што мы працягнем гэтую ініцыятыву далей.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.