У Шчучынскім райвыканкаме прыём грамадзян і адначасова “прамую тэлефонную лінію” для жыхароў горада і раёна правёў Ігар Папоў
У Шчучынскім райвыканкаме прыём грамадзян і адначасова “прамую тэлефонную лінію” для жыхароў горада і раёна правёў Ігар Андрэевіч Папоў, кіраўнік справамі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Са сваімі праблемамі і прапановамі звярталіся жыхары Шчучына, Ляшчанкі, Ракавічаў і іншых населеных пунктаў. Якасць капітальнага рамонту, уборка снегу і пытанні працаўладкавання абмяркоўваліся падчас “прамой тэлефоннай лініі“ са спецыялістамі юрыдычных, камунальных і іншых службаў.
Жыхарка Шчучына скардзілася на хуткі знос падлогі на лесвічных пралётах пяціпавярховага дома, у якім яна пражывае. Па яе словах, капітальны рамонт, які быў тут праведзены ў 2013-2014 гадах, выкананы вельмі няякасна – у яе кватэры з’явілася вільгаць. Ігар Андрэевіч паабяцаў даць неабходныя даручэнні і асабіста кантраляваць пытанне.
Жыхар вёскі Будраўцы прасіў разабрацца з коштам газавых балонаў, якімі ён карыстаецца. Увесь год мужчына атрымліваў балоны па адной цане, але ўбачыўшы квітанцыю за снежань, здзівіўся таму, што кошт значна павысіўся. Гэтую праблему атрымалася вырашыць на месцы – спецыялісты райгазу растлумачылі, што карыстанне газам звыш нормы аплачваецца па сабекошце.
Некаторыя пытанні, як у выпадку з якасцю правядзення рамонтных работ, патрабуюць больш дэталёвага разгляду з далучэннем адпаведных службаў. Аднак большасць зваротаў атрымалася разглядзець з выкарыстаннем заканадаўства падчас прадуктыўнага дыялога.
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.