У Шчучынскім раёне прайшоў аўтапрабег, прысвечаны 79-й гадавіне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
12 ліпеня – лёсавызначальная дата ў гісторыі Шчучына. Менавіта ў гэты летні дзень 79 гадоў быў вызвалены горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Штогод у гэты дзень праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, на якіх жыхары Шчучыншчыны ўшаноўваюць памяць салдат, якія змагаліся за нашу свабоду. Адна з такіх ініцыятыў – аўтапрабег “Дарогамі памяці”.
Каля 20 аўтамабіляў стартавалі ад плошчы Свабоды ў Шчучыне. У акцыі ўзялі ўдзел кіраўніцтва раёна, актывісты ўстаноў і арганізацый, моладзь і проста неабыякавыя людзі. Удзельнікі мерапрыемства ў складзе аўтакалоны наведалі Дэмбрава і Астрыну, дзе каля помнікаў прайшлі мітынгі.
Першым пунктам маршруту стаў аграгарадок Дэмбрава. Старшыня сельвыканкама Міхаіл Жогла прывітаў удзельнікаў мітынгу:
– 12 ліпеня – незабыўная дата для жыхароў Шчучынскай зямлі, бо ў гэты дзень наш раённы цэнтр быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Доўгім і цяжкім быў шлях да гэтай знамянальнай падзеі для воінаў Чырвонай Арміі, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу. Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны – гэта лагеры смерці, карныя аперацыі і чалавечыя пакуты на працягу гадоў акупацыі. За час, які прайшоў з той далёкай пары, нарадзіліся тры новыя пакаленні беларусаў. Перамога над нацызмам адыходзіць усё далей у глыбіню гісторыі, але значэнне яе застаецца важным для нас. У выніку разгрому фашысцкай Германіі была захавана і замацавана тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі. Мы нічога не забылі, памяць аб гераічных подзвігах свяшчэнная.
Пакрысе героі тых часоў сыходзяць ад нас. У Дэмбраўскім сельсавеце ўжо не засталося жывых ветэранаў вайны, але памяць аб іх застаецца. На тэрыторыі сельсавета ўшаноўваюцца і рупліва захоўваюцца помнікі і пахаванні вайскоўцаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
На мітынгу ў Астрыне да жыхароў і гасцей пасёлка звярнулася старшыня сельвыканкама Наталля Лебядзевіч:
– Менавіта тут, каля помніка, некалькі разоў на год праводзяцца самыя важныя і значныя мерапрыемствы для нашага пасёлка, для нашай малой радзімы. Менавіта тут знайшлі спачын тыя, хто ў 1944 годзе вызваляў Астрыну. Гэта людзі, якія не думалі пра славу і прызнанне. Гэта людзі, якія змагаліся за радзіму. Яны вызвалялі сваю зямлю, змагаліся за сваіх родных і сваякоў, яны змагаліся за незалежнасць. Вельмі хочацца, каб дзеці і дарослыя заўсёды маглі сказаць: “Добра жыць, калі ярка свеціць сонца, калі спяваюць птушкі, калі ў дзяцей ёсць мама і тата”. Дык няхай так будзе заўсёды. Жадаю ўсім моцнага здароўя і мірнага неба над галавой!
Падчас мітынгаў удзельнікі ўсклалі кветкі да помнікаў і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. Памяць пра тыя важныя для нашай старонкі падзеі будзе жыць заўсёды ў нашых сэрцах. Няхай гэтая памяць стане нам суровым напамінам і перасцярогай ад памылак у будучым.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.