У Шчучынскім раёне праходзіць вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу. Сёння прышчэпку атрымалі работнікі райвыканкама

У Шчучынскім раёне праходзіць кампанія вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу. Аднымі з першых у раёне імунізацыю прайшлі работнікі райвыканкама. Прышчэпку зрабілі кіраўніцтва раёна, работнікі розных упраўленняў, службаў і аддзелаў.

 

– Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь 3 кастрычніка быў аб’яўлены старт кампаніі па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу, – расказвае ўрач-эпідэміёлаг Шчучынскай ЦРБ Святлана Волчак. – Кампанія пачалася і на Шчучыншчыне, мы атрымалі вакцыну і пачалі актыўна прышчапляць людзей з мінулай пятніцы. Вакцынацыя праходзіць на базе ўсіх арганізацый аховы здароўя Шчучынскай ЦРБ. Таксама прышчапляем насельніцтва выязнымі брыгадамі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Для вакцынацыі на бясплатнай аснове выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці “Грыпол плюс” супраць трох тыпаў вірусу. На платнай аснове можна зрабіць французскую прышчэпку вакцынай “Ваксігрып Тэтра”, яна дзейнічае супраць чатырох тыпаў грыпу.

 

 

Варта адзначыць, што рабіць прышчэпку можна толькі здаровым людзям. Калі вы нядаўна хварэлі, то для паспяховай вакцынацыі павінна прайсці не менш за два тыдні пасля выздараўлення. Перад кожнай прышчэпкай неабходна прайсці агляд урача агульнай практыкі, які дасць допуск на вакцынацыю.
Сярод тых, хто сёння прайшоў вакцынацыю, была намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна. Яна падзялілася сваім меркаваннем наконт вакцынацыі:

 

– На працягу многіх гадоў раблю прышчэпкі. У мінулым годзе нават зрабіла эксперымент: прышчапілася адначасова ад кавіду і грыпу. Бачу ў гэтым адзін з найбольш эфектыўных спосабаў захавання свайго здароўя. Вакцынуючыся, я абараняю ад хвароб не толькі сябе, але і ўсіх тых, з кім кантактую. Лічу, што ўсім, хто на працы пастаянна кантактуе з людзьмі, патрэбна вакцынацыя. Асабліва гэта тычыцца нас, работнікаў райвыканкама, педагогаў і дзяцей у школах. Вірусы заўсёды вакол нас, таму скарыстацца магчымасцю захаваць сваё здароўе вельмі лагічны выбар.

 

 

Актыўна праходзяць вакцынацыю зараз медыцынскія работнікі нашага раёна. Так, на сёння ўжо прышчэплены 30 працэнтаў медыкаў Шчучыншчыны. Увогуле плануецца, што сёлета вакцынацыю пройдуць не менш за 25 працэнтаў насельніцтва нашага раёна. Усіх, хто турбуецца пра сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх, запрашаем на прышчэпку для таго, каб не хварэць і быць здаровымі ўвесь сезон.

 

 

Разам з тым сёлета плануецца правесці вакцынацыю насельніцтва і ад каранавіруса. Як адзначыла Святлана Волчак, вакцына для нашага раёна ўжо заказана, чакаецца яе паступленне.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!