У Шчучынскім раёне назначаны новы намеснік старшыні райвыканкама

Сёння ў зале пасяджэнняў райвыканкама кіраўнік раёна Сяргей Васільевіч Ложэчнік прадставіў назначаную на пасаду намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльна-культурнай сферы, Алену Васільеўну Пасюту. Да гэтага яна працавала дырэктарам гімназіі горада Шчучына. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі ўпраўленняў, аддзелаў і службаў райвыканкама, арганізацый і ўстаноў раёна.

- Уся працоўная дзейнасць Алены Васільеўны праходзіла на тэрыторыі нашага раёна, - сказаў Сяргей Васільевіч. – Цяпер яна будзе курыраваць сацыяльную сферу, якая вельмі значная і патрабуе асаблівай увагі, паколькі з’яўляецца вызначальнай у грамадстве. Яна закранае кожнага чалавека з самага яго нараджэння, таму дробязей тут быць не можа. Сур’ёзная работа мае быць па аздараўленні дэмаграфічнай сітуацыі, прафілактыцы пажараў і недапушчэння гібелі людзей у агні, неабходна больш увагі ўдзяліць развіццю турызму, фарміраванню здаровага ладу жыцця ў насельніцтва рэгіёна.

А.В. Пасюта нарадзілася ў 1972 годзе ў аграгарадку Вялікае Мажэйкава. У 1994 годзе скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура. Працоўную дзейнасць пачала ў сярэдняй школе №2 г. Шчучына на пасадзе настаўніка беларускай мовы і літаратуры. З 2004 па 2016 гады працавала настаўнікам, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Гімназія г. Шчучына”, у лістападзе 2016 года ўзначаліла працоўны калектыў гэтай навучальнай установы. З’яўляецца дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Васільевіч ахарактарызаваў Алену Васільеўну як вопытнага кіраўніка, крэатыўнага спецыяліста і неабыякавага чалавека, пажадаў, каб пад яе кіраўніцтвам усё дасягнутае ў сацыяльна-культурнай сферы раёна было не толькі захавана, але і прымножана.

Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, А.В. Пасюта прафесіянал у сваёй справе і праявіць усе свае лепшыя асобасныя і прафесіянальныя якасці для далейшага паступовага развіцця нашага раёна.

Алена Васільеўна падзякавала ўсіх за аказаны давер.

- Спектр пытанняў, якімі прадстаіць займацца, безумоўна, вельмі шырокі і адказны, - адзначыла яна. - У рабоце буду прытрымлівацца напрацаванай раней сістэмы, існуючага парадку ўзаемадзеяння. Прыкладу ўсё старанне, каб максімальна ўнікнуць у праблемы людзей і па магчымасці вырашыць іх у кароткі тэрмін. Разлічваю на каманду прафесіяналаў, спецыялістаў, якія могуць і хочуць працаваць, бачаць перспектывы, гатовы прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць.

Сяргей Каспярчук.

Фота Ганны Каспер.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!