У Шчучыне пасля грунтоўнай рэканструкцыі ўведзена ў работу электрападстанцыя на 110 кілавольт

Урачыстая цырымонія адкрыцця абноўленай падстанцыі “Шчучын” прайшла на гэтым тыдні ў Шчучынскім раёне электрычных сетак РУП “Гроднаэнерга”. Увядзенне ў эксплуатацыю рэканструяванага аб’екта стала важным крокам у мадэрнізацыі электрасеткавай інфраструктуры не толькі ў маштабе нашага раёна, але і Гродзенскай вобласці.
Ганаровымі гасцямі на ўрачыстым мерапрыемстве сталі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі, генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Віктар Жук, дырэктар філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Віктар Зубрыцкі, начальнік Шчучынскага раёна электрычных сетак філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” Аляксандр Асовік, першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер РУП “Белэнергасеткапраект” Андрэй Арлоў, генеральны дырэктар ААТ “Электрацэнтрмантаж” Павел Вялітчанка.
Патрэба ў мадэрнізацыі падстанцыі “Шчучын” узнікла таму, што абсталяванне на ёй было пастаўлена яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя і ўжо адпрацавала свой нарматыўны тэрмін. У 2022 годзе пачалося ўзвядзенне новай шчучынскай электрападстанцыі на 110 кілавольт. Будаўніцтва складалася з трох чэргаў і завяршылася ў гэтым годзе.
Акрамя таго, адбылася мадэрнізацыя базы Шчучынскага РЭС. Грунтоўныя змены адбыліся ў боксах для захоўвання тэхнікі, а тэрыторыя базы была добраўпарадкавана.
Важнасць рэканструкцыі падстанцыі “Шчучын” заключаецца ў тым, што яна не толькі забяспечвае энергіяй наш раён. Шчучынская падстанцыя з’яўляецца важным вузлом сувязі паміж Гродзенскім, Лідскім і Росскім энергавузламі. Трэба адзначыць, што мадэрнізацыя энергааб’ектаў, у тым ліку, электрападстанцый праходзіць па ўсёй Гродзенскай вобласці, дзякуючы намаганням і стратэгічнай палітыцы кіраўніцтва РУП “Гроднаэнерга”, накіраванай на маштабнае абнаўленне энергасістэмы рэгіёну.
Ацаніў развіццё электраэнергетыкі рэгіёна і работу шчучынскіх электрыкаў Аляксей Садоўскі:
– Сёння бачна, што сістэма “Гроднаэнерга” развіваецца ў правільным кірунку. Інвестыцыі робяцца не толькі ў новыя тэхналогіі, але і ў стварэнне камфортных умоў для работнікаў. Выражаю словы падзякі за работу Шчучынскаму РЭС. Сістэма працуе зладжана і эфектыўна. Шчучынскія энэргетыкі паказваюць прафесіяналізм падчас няштатных сітуацый і стыхійных бедстваў. Гэта многага варта. Хочацца падзякаваць падрадчыкам і праектоўшчыкам новых аб’ектаў. Шчыры дзякуй за працу на карысць нашай Шчучыншчыны.
– Мы пачыналі рэканструкцыю падстанцыі разумеючы, што гэты аб’ект з’яўляецца складнікам, які забяспечвае народнагаспадарчы комплекс Шчучынскага раёна надзейнай электраэнергіяй, – адзначыў Віктар Жук. – Для нас важна, каб нашы аб’екты своечасова мадэрнізаваліся і прыносілі карысць грамадству. Я хачу выразіць словы падзякі ўсім тым, хто браў удзел у арганізацыі праекта. Няхай новыя аб’екты добра служаць нам. Спадзяюся, што далей мы рэалізуем яшчэ не адзін праект.
Прыемнай часткай мерапрыемства стала ўзнагароджванне заслужаных работнікаў. Так, Падзякай Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання электраэнергетыкі “Белэнерга” быў адзначаны начальнік Шчучынскага РЭС Аляксандр Асовік, Падзяку ад РУП “Гроднаэнерга” атрымаў галоўны інжынер Шчучынскага РЭС Дзмітрый Бондараў. Ганаровай граматай Шчучынскага райвыканкама быў узнагароджаны электраманцёр па рамонце і мантажы кабельных ліній Іван Крупіца. Падзяка Шчучынскага райвыканкама была ўручана намесніку начальніка Шчучынскага РЭС Якаву Адаміну і майстру ўчастка механізацыі і транспарту Пятру Сяховічу.
Завяршылася цырымонія адкрыцця ўрачыстым пераразаннем чырвонай стужкі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.