У Шчучыне адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню міліцыі

У зале РЦКіНТ сабраліся дзеючыя супрацоўнікі раённага аддзела міліцыі і раённага аддзела Дэпартамента аховы МУС, ветэраны органаў унутраных спраў, родныя і блізкія ахоўнікаў правапарадку, жыхары горада. Ганаровымі гасцямі свята сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, кіраўнікі сілавых структур. Павіншаваць шчучынскіх міліяцыянераў прыйшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, начальнік аддзела ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама С.М. Сыцэвіч падкрэсліў, што ва ўсе часы супрацоўнікаў міліцыі вызначае самааданае служэнне Айчыне і народу, гатоўнасць стаяць на варце правапарадку і Закона, прафесіяналізм. Менавіта яны – надзейны шчыт  перад пагрозамі экстрэмізму і злачыннасці, менавіта яны забяспечваюць грамадскі парадак і бяспеку, абараняюць правы і грамадскія інтарэсы грамадзян.

   -- Разам з тым нашы поспехі ў выкананні пастаўленых задач не былі б такімі важкімі без зацікаўленасці ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый раёна ў стварэнні абстаноўкі, калі кожны чалавек можа адчуваць сябе абароненым, -- падкрэсліў Сяргей Мікалаевіч і падзякаваў за падтрымку і ўзаемадзеянне старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніку, органам улады, супрацоўнікам іншых сілавых ведамстваў.

С.М. Сыцэвіч сардэчна павіншаваў са святам дзеючых вартавых правапарадку, ветэранаў, родных і блізкіх людзей у пагонах, а таксама прадстаўніц прыгожай палавіны – з надыходзячым жаночым святам.

Шчыра прывітала супрацоўнікаў міліцыі і Г.С. Хвядзюк. "Наша бяспека – у вашых надзейных руках", -- пераканана Ганна Станіславаўна.

У гэты дзень добрыя словы і пажаданні вартавым правапарадку выказалі таксама пракурор раёна А.У. Дзямідаў, старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС М.І. Майко, іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці.

 

Зала мінутай маўчання ўшанавала памяць тых таварышаў па службе, каго сёння ўжо няма ў міліцэйскіх радах…

На працягу ўсёй урачыстасці было многа ўсмешак, гучала шмат добрых песень у выкананні таленавітых артыстаў РЦКіНТ, пары кружыліся ў танцы пад гукі міліцэйскага вальса… Свае творчыя здольнасці прадэманстравалі і праваахоўнікі.

У канву мерапрыемства гарманічна ўпісалася цырымонія ўзнагароджання. Так, Падзячнае пісьмо Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь было ўручана Н.А.Сарока -- маці ўчастковага інспектара міліцыі Валерыя Сарока. Асаблівай пашаны і ўзнагарод рознай ступені вартасці ўдастоіліся дзеючыя супрацоўнікі РАУС і райаддзела Дэпартамента аховы, ветэраны міліцыі -- Л.В. Шляхтун, А.Г. Качан, П.П. Найда, Д.Г. Фомчанкаў, Г.В. Зубель,А.М. Гележа, У.С. Васько, А.У. Арцюх, В.Ф. Герасімчык, Т.У. Язерская, Н.М. Касцюкевіч, Д.У. Аляшкевіч, С.А. Шэршань, А.М. Побаль, К.С. Кажухоўскі і многія іншыя.

  

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!