У шчучынцаў – адразу некалькі перамог на Міжнародных фестывалях-конкурсах
У шчучынцаў – адразу некалькі перамог на Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці “Навагодняя зорка” і I Міжнародным фестывалі-конкурсе “Цуды на Раство”.
На гэтыя прэстыжныя конкурсы было прадстаўлена звыш 740 прац! За перамогу змагаліся 1673 удзельнікі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Кітая, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Турцыі, Казахстана.
Конкурс праходзіў анлайн. Нашы артысты выдатна выканалі беларускую народную песню “Чаго вада каламутна”. Журы высока ацаніла вакальныя і артыстычныя даныя таленавітых артыстаў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. У выніку народны ансамбль беларускай песні “Медуніцы” (кіраўнік Генадзь Паноў) стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Народны вакал”.
Дарэчы, у Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці “Навагодняя зорка” і I Міжнародным фестывалі-конкурсе “Цуды на Раство” прыняла ўдзел і шчучынская спявачка, удзельніца клубнага фарміравання “Шанс” (кіраўнік Дзмітрый Паварга) Вікторыя Куцэйка. Яе песня “Засталася” зноў прынесла перамогу. Вікторыя стала лаўрэатам I ступені ў двух конкурсах у намінацыі “Эстрадны вакал”.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.