У рытме творчасці. Калектыў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод устаноў сацыяльнай сферы

Калектыў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі па выніках работы за мінулы год не толькі стаў лепшым у Шчучынскім раёне, але і заняў самую высокую прыступку п’едэстала ў Гродзенскай вобласці.

 

Ужо на працягу пяці апошніх гадоў палац уваходзіць у лік лепшых шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзеншчыны. Сёння ў 172 аб’яднаннях па інтарэсах займаюцца больш за дзве тысячы навучэнцаў. 85 таленавітых педагогаў установы вучаць рабят спяваць, танцаваць, займацца рукадзеллем, дасягаць спартыўных вышынь, ствараць маленькія творчыя шэдэўры і шмат чаму іншаму.

 

 

 

– У нашай установы адукацыі ёсць свае візітныя карткі, – расказвае дырэктар палаца Ірэна Дзегцярова. – Гэта школа ранняга развіцця “Любазнайка” для самых маленькіх жыхароў раёна, якая ўжо на працягу 15 гадоў дэманструе эфектыўнасць у плане развіцця асобы дашкольнікаў, дзіцячы цэнтр бяспекі “ПлЮС”, дзе заняткі праводзіць інспектар Шчучынскага РАНС. Візітнай карткай палаца даўно стаў і клуб спартыўных адзінаборстваў імя У.Б. Шурупава, больш за 100 выхаванцаў якога заваявалі тытулы чэмпіёнаў краіны і ўладальнікаў Кубка Рэспублікі Беларусь па ушу, тайландскім боксе, кікбоксінгу і рукапашным баі. Нядаўна свой 15-гадовы юбілей адзначыў праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Дружына”: за час сваёй дзейнасці ён аб’яднаў больш за 300 выпускнікоў. Гэта і чатыры калектывы, якія маюць званне “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”: “Апрель” і “Элегія”, якія працуюць у напрамку “эстрадны вакал”, танцавальны калектыў “Кантрасты”, студыя моды “Гармонія”. Па выніках 2022 года творчымі калектывамі палаца заваявана 127 прызавых месцаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

 

 

Дапамагчы кожнаму дзіцяці рэалізаваць творчыя здольнасці і вызначыць траекторыю будучага жыццёвага шляху – першачарговая задача педагогаў. А калектыў тут творчы, крэатыўны, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ідэй. Напрыклад, ужо больш за 20 гадоў захапляецца стварэннем унікальных музычных інструментаў кіраўнік студыі “Батлейка”, разьбяр па дрэве, кераміст, мастак Міхаіл Чарнадзедаў. Кіраўнік узорнай студыі моды “Гармонія” Алена Чашчэвік запальвае сваёй энергіяй, энтузіязмам, шматлікімі ідэямі навучэнцаў і ганарыцца іх поспехамі. Веды па тэхналогіі вырабу разьбярных вырабаў з дрэва і іх аздабленні, пачатковыя ўяўленні аб мастацка-дэкаратыўнай кампазіцыі рабяты атрымліваюць на занятках у студыі “Вытокі”, кіраўніком якой з’яўляецца Сяргей Сасноўскі. Ды хіба пералічыш усе дарослыя таленты палаца!

 

 

У рабят ёсць магчымасць развівацца і ў іншых напрамках. Тэрыторыяй фарміравання здаровага ладу жыцця, сустрэч з цікавымі людзьмі стаў фітаклуб “Чайная сустрэча”. Для развіцця прадпрымальнасці, ініцыятывы, эканамічнай культуры дзейнічае бізнес-кампанія “СтАРТ”. Вырабленыя бізнес-кампаніяй сувеніры можна набыць у сувенірнай краме палаца. З 2020 года працуе дзіцячая тэлестудыя “PRO100TV”, рэпартажы карэспандэнтаў якой можна ўбачыць на ютуб-канале Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Ужо трэці год у палацы дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “РобатаЦэнтр”, мэта якога – стварэнне умоў для паглыбленага вывучэння асноў робататэхнікі. Нядаўна калектыў палаца атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на стварэнне міні-музея “Канструктар”. А вось захаваць гісторыка-культурную спадчыну дазваляе музей гісторыі Шчучыншчыны. Толькі летась тут праведзена больш за 400 экскурсій, музей наведалі амаль тры з паловай тысячы чалавек.

 

 

Сёння палац з’яўляецца каардынатарам піянерскага і валанцёрскага рухаў у раёне, маладзёжнага парламентарызму па рэалізацыі сацыяльна значных праектаў і ініцыятыў. Дэпутатамі Маладзёжнага парламента ўжо рэалізавана больш за 30 праектаў і ініцыятыў.

 

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота Людмілы НЕМНА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!